На сайце НІСЭПД — жменя новых артыкулаў па выніках сьвежага апытаньня. Будзе час — пакорпаемся ў дэталях, а пакуль што галоўнае.
Зь леташняга лістапада доля прыхільнікаў улады спаўзла з 47,8% да 42%. Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі зьнізіўся да 44,9% (сёлета ў траўні было 48%, а летась у красавіку, адразу пасьля выбараў — 60,3%).
Што да апазыцыянэраў, то, пры ўсіх закідах, па-ранейшаму на дзьве галавы вышэйшы за астатніх Мілінкевіч — 12,3%. Казулін набірае 3,2%, астатнія — у межах статыстычнай памылкі. Увогуле ж лідэрам тытульнай апазыцыі рана радавацца. Расьцярушваньне "цьвёрдага электарату" амаль што не прымножыла шэрагі праціўнікаў рэжыму: паболела тых, каго называюць "пафігістамі".
І яшчэ адзін красамоўны сымптом: пры тым што харызма першага прэзыдэнта блякне, у грамадзтве па-ранейшаму прагнуць моцнай рукі. 54,6% апытаных лічаць, што дзеяч такога кшталту здольны даць краіне болей, чым добрыя законы.
Дачакаемся чорта з табакеркі?
ЗЫ. Толькі не закідайце, што вось, зноў гэты НІСЭПД:) Хто падкажа іншую інстытуцыю, якая рэгулярна дае вынікі агульнанацыянальных апытаньняў у адкрытым доступе?





