З наступнага году прыпыніцца выпуск календара «Родны край»

«Нерэнтабэльна», — кажа галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Якаў Аляксейчык.

Паводле словаў сп. Аляксейчыка, каляндар кепска прадаецца. У 2006 г. было надрукавана меней як у мінулыя гады — 7000 асобнікаў, зь якіх не прадалі 1500.

«Вяртаньне ў 20 % робіць выпуск календара нерэнтабэльным» — патлумачыў галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь».

Мы патэлефанавалі ў кнігарню «Акадэмкніга». Таваразнаўца Сьвятлана Ўладзімераўна паведаміла нам, што ў іх каляндар «Родны край» заўсёды добра купляецца:

«Вельмі папулярны ў пакупнікоў, дый увогуле людзі часта просяць календары на беларускай мове, а іх, на жаль, вельмі мала выпускаюць».

На яе думку, каб каляндар добра раскупляўся, яго трэба рэклямаваць і выпускаць своечасова.

Варта адзначыць, што Я. Аляксейчык раней кіраваў дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам БелТА.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0