Калі скандал вакол помніка «Мужнасць», што ў Брэсцкай крэпасці, дасягнуў найвышэйшай вісклівай ноты, я ўспомніў, як у сакавіку 2008 года Францыя развітвалася з апошнім жаўнерам Першай сусветнай вайны. Яго звалі Ладзара Панцічэлі. Яму было 110 гадоў.

У снежні 1915 Гіём Апалінер напісаў, а ў лістападзе 1917 надрукаваў верш з недарэчнай, на першы погляд, назвай – «Цуд вайны»: «Як ракеты прыгожы, калі яны ноч асвятляюць!.. І трэба так шмат агню, каб засмажыць людскія целы!..»

Вось такі помнік вайне.

…Не ведаю, ці чытаў Ладзара Панцічэлі «Цуд вайны», але ён доўга адмаўляўся ад прапановы зладзіць яму пахаванне нацыянальна-дзяржаўнага маштабу. Ён казаў, што «гэта будзе абразай для ахвяр Першай сусветнай, якія не былі так ушанаваны». Потым пагадзіўся — «у імя ўсіх жанчын і мужчын, што загінулі ў Першай сусветнай вайне…»

Гэта была сапраўды нацыянальная цырымонія: прыспушчаныя па ўсёй краіне дзяржаўныя сцягі, хвіліна маўчання ва ўсіх дзяржаўных установах, імша ў саборы Сен-Луі Дома Інвалідаў з удзелам двух прэзідэнтаў — былога і тагачаснага, усіх чальцоў урада і нават міністра абароны Італіі, бо грамадзянін Францыі Ладзара Панцічэлі быў італьянцам па паходжанні…

Аніякай помпы, аніякага эрзац-патрыятычнага пафасу. Толькі смутак. Толькі малітва. Толькі апошняе «бывай». І апошняе «выбачай»…

Я не ўпэўнены, што праз колькі гадоў мы такім жа чынам развітаемся з апошнім беларускім жаўнерам Другой сусветнай вайны.

Гаворачы «такім чынам», я маю на ўвазе развітанне не толькі з апошнім жаўнерам, але і з вайной як крыніцай патрыятычных пачуццяў.

Падобна на тое, што такога развітання не будзе.

Падобна на тое, што ва ўладных кабінетах загадзя будуць рыхтавацца спісы «апошніх», каб абраны для цырымоніі ветэран цалкам адпавядаў «задачам военно-патриотического воспитания».

Падобна на тое, што такім чынам падоўжыцца «абраза ахвяр».

Нядаўнія даты далі не адзіны прыклад падобных абраз.

Ці не абраза паводзіны Пуціна і ягонага ідэалагічнага атачэння на тых жа 70-х угодках прарыву Ленінградскай блакады – ад бясконцых напамінаў пра тое, як пацярпела ад блакады сям’я расійскага прэзідэнта, да вайсковага парада на Піскароўскіх могілках, ці не самых вялікіх у свеце могілках ахвяр вайны.

Ці не абраза – дзяржаўна-патрыятычнае, так бы мовіць, скрыгатанне прапагандысцкімі зубамі вакол тэлеканала «Дождь» за тое, што сваім пытаннем нагадаў пра адказнасць не толькі гітлераўскага, але і сталінскага рэжыму за мільёны ахвяр?

А памятаеце неаднаразовае абяцанне забяспечыць кватэрамі УСІХ удзельнікаў вайны? На адным з чарговых рытуальных чаяпіццяў з ветэранамі Мядзедзеў, што быў тады прэзідэнтам, удакладніў — у спісах 50 тысяч чалавек. На ўсю Расію. Астатнія забяспечаны. Назаўжды. Мільёны – навечна… Пры гэтым твар маладога прэзідэнта выяўляў упэўненасць, інтанацыя – дзелавітасць, жэстыкуляцыя – правільнасць… Толькі адно адсутнічала на ягоным твары – пачуццё сораму. За што? За нацыянальную ганьбу, што выявіла сябе ў гэтай лічбе…

Аднак вернемся да савецкай «Мужнасці».

Не трэба звышінтэлектуальнага напружвання, каб зразумець, што залічэнне журналістамі CNN гэтага помніка ў спіс «пачварных» не выходзіла за межы іх эстэтычных уяўленняў пра сэнс прыгажосці. Ніякай абразы тых, каму ён падабаецца, у гэтым не было — спрэчка пра густы бясконцая…

Падобная спрэчка, дарэчы, адбывалася ці не ад самага стварэння мемарыяла «Брэсцкая крэпасць».

«Агромністая бетонная кампазіцыя «Мужнасць», што ўсталявана ў самым цэнтры комплекса.., душыць несуразмерную ёй прастору цытадэлі…» — ці не самая лагодная мастацтвазнаўчая ацэнка скульптуры.

Але яна душыць не толькі прастору цытадэлі. Яна душыць праўду.

Ніколі не забуду, як у змрочную лістападаўскую восень 1956-га мы ўсім класам упершыню трапілі ў Брэсцкую крэпасць.

Мы ішлі да крэпасці па хісткім мосце, асцярожна абыходзячы правалы ў драўляным насціле. Я ўхапіўся за адлітыя, здавалася, на стагоддзі круглыя чыгунныя парэнчы і зараз жа раздзёр руку да крыві — на ўсім працягу яны былі парваны асколкамі, што павыварочвалі вострыя па краях дзіркі…

Яна вельмі вострая, гэта праўда. Праўда пра крывавую трагедыю кінутага гарнізона. Праўда, на доўгія гады кінутая ў нябыт…

«Сяргей Сяргеевіч, Сяргей Сяргеевіч, там яшчэ восем знайшлі!», — запыханы ад бегу маладзенькі, амаль падлетак, жаўнер у рудым ад цаглянага пылу фартуху зверху ватоўцы цягне Смірнова за рукаў… Смірноў прыпыняе страшны аповед. «Не-не, дзеці, вы туды не хадзіце… Чакайце, я вярнуся…»

Ён вярнуўся праз некалькі год. З імёнамі. З трагічнымі лёсамі загінулых і тых, хто застаўся жыць…

Гэтая кніжка – «В поисках героев Брестской крепости» — вартая усіх яе помнікаў, бо ўпершыню ачысціла свядомасць ад сталінскага бруду — лічыць трапіўшых у палон здраднікамі, а не менавіта героямі…

А ці не душыць праўду мемарыял на Мамаевым кургане, каторы Віктар Някрасаў называў «жудасным залачоным нагрувашчваннем мускулаў і безгустоўнасці»? І лічыў абразай для жаўнераў ягонага 1047-га стралковага палка 284-й стралковай дывізіі, чые косткі ляжаць якраз на тым месцы, дзе ўзвышаецца нешта зусім не падобнае ні на радзіму, ні на маці… Ці ж сапраўдная маці ўзніме меч над перамолатымі косткамі сваіх сыноў?

Урэшце рэшт, непрыманне падобнай эстэтыкі прывяло аўтара «У акопах Сталінграда», першай у СССР праўдзівай аповесці пра вайну, да непрымання самой таталітарнай дзяржавы…

Але з чаго сёння, праз дзясяткі гадоў, узнікла такая нервовая рэакцыя розных палітыкаў, службовых асоб і дзяржаўных устаноў Расіі і Беларусі? Ажно два МЗС спрычыніліся да надзімання мыльнай бурбалкі. А нават такі разумнік, як сп. Швыдкі, спецпрадстаўнік расійскага прэзідэнта па міжнародных культурных сувязях, з ліслівым крывадушшам раптам акультурыў, так бы мовіць, «праблему»: «…любы помнік, прысвечаны вайне, знаходзіцца за межамі эстэтычных катэгорый…». Што іх так зачапіла? Што напалохала?

Перадусім, на мой погляд, адно: калі прызнаць пачварнай эстэтыку помніка, давядзецца прызнаць пачварнай ідэалогію, якая гэту эстэтыку спарадзіла.

На сёння — ідэалогію так званай «дзяржаўнасці», а ў яе межах — так званага «дзяржаўнага патрыятызму».

Ідэалогію, якая не толькі не знікла, але ў розных праявах — ад сталінізму да неанацызму — набывае агрэсіўную моц.

Ідэалогію, у якой «жывыя і мёртвыя» — найбольш звыклае, зручнае і добра апрацаванае прыстасаванне для замацавання ўлады.

Лепш мёртвыя. Бо час ужо адлічвае жывых да апошняга. А мёртвым, як мы ведаем, не баліць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?