У канцэрне зь вялікім аптымізмам глядзяць на кампанію па пераводзе ІП у ПУП.

Кіраўніцтва «Беллегпраму» запэўніла Савет міністраў, што дзякуючы дзяржпадтрымцы справы канцэрну пайшлі ўгару, адзначае «Экономическая газета». У далейшым паляпшэньню сытуацыі можа паспрыяць узмацненьне ціску на асноўных канкурэнтаў — індывідуальных прадпрымальнікаў, мяркуе кіраўніцтва канцэрну. Паводле яго кіраўніка Эдуарда Нарышкіна, 60% прадукцыі лёгкай прамысловасьці ў Беларусі мае замежнае паходжаньне, што наносіць шкоду айчынным вытворцам. У сувязі з гэтым у «канцэрне зь вялікім аптымізмам глядзяць на кампанію па пераводзе ІП у ПУП».

Згодна ўказу прэзыдэнта ад 25.08.2006 № 528 прадпрыемствы канцэрну вызваленыя ад выплаты збору ў фонд падтрымкі сельгасвытворцаў да 2010 г., а на працягу 9 месяцаў 2007 г. дзяржпадтрымку на суму 19,8 млрд. бел. руб. атрымалі 32 прадпрыемствы. Дзякуючы гэтаму рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў галіны вырасла 9%, на 30% скарацілася колькасьць стратных прадпрыемстваў. Аднак пры гэтым запасы гатовай прадукцыі вырасьлі на 16,9%, альбо 144% да сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці (паводле пляну павінна было быць124%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?