Зборныя ўжо сустракаліся ў пачатку лета, тады мацнейшымі ў Барысаве аказаліся нашы хлопцы — 1:0. Пасьля гэтай паразы вугорцы нікому больш не саступалі, а вось беларусы ў верасьні саступілі сэрбам.
Галоўны трэнэр «маладзёжкі» Юры Курненін казаў, што згодны нават на нічыю. На справе беларусы вязуць з Будапэшту перамогу. Адзіны гол напрыканцы першага тайму забіў нападнік наваполацкага «Нафтану» Дзьмітры Камароўскі — 1:0.
Цяпер турнірная табліца ў нашай групе выглядае наступным чынам:
Беларусь — 12 пунктаў, Вугоршчына — 9, Сэрбія — 7, Латвія — 4, Сан‑Марына — 0. На чэмпіянат трапіць толькі пераможца групы. Заўтра латышы згуляюць з сэрбамі. Зборная Беларусі ж наступны матч правядзе 16 лістапада дома з Сан‑Марына.
Нагадаем таксама, што заўтра нацыянальная зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Бэрнда Штанге правядзе таварыскі матч зь Ізраілем. Пачатак а 21:50. Будзе трансьляваць ОНТ.