У 2007 годзе прадпрыемствы спажыўкааперацыі Беларусі нарыхтавалі рэкордную колькасць чарніц. Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 17 кастрычніка начальнік упраўлення нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Уладзімір Гапановіч.

Паводле яго слоў, сёлета нарыхтавана 4,4 тыс. тон чарніц, што на 76% больш, чым летась.

«Дасягнуць такога выніку нам дапамагло тое, што сёлета мы прыцягнулі на перыяд нарыхтовак прыблізна 3,3 тысячы мабільных нарыхтоўшчыкаў. Таксама ў нарыхтоўках удзельнічала 8,6 тыс. гандлёвых арганізацый і 900 стацыянарных нарыхтоўчых пунктаў», — зазначыў спецыяліст.

Большая частка нарыхтаваных чарніц экспартаваная ў краіны Еўрасаюза — Польшчу, Літву, Латвію.

«Мы даследавалі магчымасць прамых паставак чарніц у краіны Скандынавіі і Германію, у якіх яны праходзяць канчатковую перапрацоўку. Аказалася, што ў Прыбалтыцы і Польшчы ягады ачышчаюцца ад лісця і пладаножак, сартуюцца з дапамогай лазера, а потым ужо замарожваюцца. У Беларусі пакуль такіх магчымасцей няма, але мы плануем пабудаваць такія прадпрыемствы», — паведаміў У.Гапановіч.

Паводле слоў спецыяліста, закупачная экспартная цана сёлета склала 2,5 еўра за кілаграм. Закупачныя цэны ў Беларусі склаліся на ўзроўні 4—6 тыс. рублёў за кілаграм.

Начальнік упраўлення паведаміў, што за дзевяць месяцаў нарыхтавана 2,9 тыс. тон клубніц, 23 тыс. тон бульбы, 16,1 тыс. тон зерня, 15,3 тыс. агародніны, 3 тыс. тон агуркоў, 4, 2 тыс. тон культурных ягад, 850 тон журавін, 193 тоны грыбоў.

У.Гапановіч зазначыў, што ў цэлым у 2007 годзе прадпрыемствы спажыўкааперацыі плануюць выплаціць насельніцтву за нарыхтаваную прадукцыю 120 млрд. рублёў — на 20% больш, чым летась. З іх 27 млрд. рублёў — пазыковыя банкаўскія сродкі, астатнія — уласныя сродкі арганізацыі.

БелаПАН

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру