Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы мае намер высьвятліць, ці Беларусь гатовая да адносінаў з Эўропай. Пра гэта заявіў адмысловы дакладчык ПАРЭ ў справах Беларусі Андрэа Рыгоні, які знаходзіцца з чатырохдзённым візытам ў Менску.

47‑гадовы італьянскі парлямэнтар, які дагэтуль ніколі ня быў у Беларусі, хоча асабіста азнаёміцца з агульнай сытуацыяй у краіне.

Няпярэдадні візыту ён заявіў, што мэтай місіі зьяўляецца падрыхтоўка справаздачы па сытуацыі ў Беларусі, якая будзе прадстаўленая на пачатку 2008 году ў Камісію па палітычных пытаньнях ПАРЭ.

Сёньня Андрэа Рыгоні сустрэўся са старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзімам Паповым. Галоўнае пытаньне, якое ён задаў сьпікэру беларускага парлямэнту, гэта ці беларускія ўлады маюць жаданьне ўмацаваць стасункі з ПАРЭ, і ў гэтым накірунку былі зробленыя канкрэтныя крокі.

У сваю чаргу пасля сустрэчы з прадстаўніком ПАРЭ Вадзім Папоў заявіў, што Беларусь намагаецца аднавіць статус «спэцыяльна запрошанага» ў ПАРЭ для беларускага парлямэнту.

«Мы абмяркавалі ўвесь спэктар пытаньняў, прадстаўляючых ўзаемны агульны інтарэс. Сустрэча дазволіла праверыць пазыцыі, удакладніць узаемапогляды й дамовіцца аб формах далейшага супрацоўніцтва,»‑ заявіў Вадзім Папоў.

Ці візыт спэцдакладчыка ПАРЭ будзе мець істотнае значэньне для эўрапейскай палітыкі беларускага ўраду і ўнясе зьмены ў адносінах з эўрапейскімі структурамі?

Сустаршыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька лічыць, што сёньняшняй сустрэчы ня варта надаваць вялікага значэньня.

А. Лябедзька: Я думаю, што спадару Рыгоні прадставілі цэлы набор чарговых абяцаньняў. Ці італьянскі парлямэнтар да гэтага падрыхтаваны, пабачым заўтра. Мы ведаем, што нашыя ўлады ўмеюць рабіць добрае ўражаньне. Сьпіс тых, хто сядзіць ў Палаце прадстаўнікоў, даволі багаты. Яны яшчэ ў савецкія часы ведалі, які трэба арганізаваць прыём і правезьці па пэўнаму маршруце, каб у чалавека былі прыемныя ўспаміны. Наша задача — паказаць другую Беларусь і іншы бок сытуацыі ў нашай краіне. Можа нешта зьмянілася, але да гэтага спадар Рыгоне ня меў у плянах сустрэчы з тымі, хто патрапіў у турму напярэдадні Эўрапейскага маршу. Відаць, ён таксама не плянуе сустрэчы зь сем`ямі скрадзеных палітыкаў. А шкада, бо менавіта гэтыя людзі могуць паказаць рэальную карціну сытуацыі ў Беларусі, а не тое, што абяцае й паказвае спадар Папоў.

На думку палітоляга Юрыя Чавусава, на дадзены момант Эўропа ня мае яснага й выразнага пляну супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Юры Чавусаў: Сярод эўрапейскіх палітыкаў ёсьць «ястрабы», якія прытрымліваюцца жорсткага падыходу. Ёсьць і «галубы», якія прытрымліваюцца тэорыі вядзеньня дыялёгу. Мачыма, штосьці з гэтага й атрымаецца. Безумоўна, дзяржаўная прапаганда выкарыстае гэты візыт у якасьці паказчыка таго, што, вось, паглядзіце, замежна — палітычная ізаляцыя прабіта. Але гэта не дыялёг, толькі размовы вакол дыялёгу. Пакуль што ніякага канкрэтнага выніку ад гэтага чакаць ня варта. Але, безумоўна, такія візыты важныя. Важна, каб грамадзянская супольнасьць адчула, што ня будзе замірэньня дыктатуры Лукашэнкі, а што гэта сапраўднае імкненьне палепшыць сытуацыю ўнутры краіны.

Нескладана заўважыць, што калі ідзе гаворка пра супрацоўніцтва зь Беларусьсю, то прадстаўнікі эўраструктураў выразна падзяліліся на два лягеры. Адныя зь іх зьяўляюцца прыхільнікамі жорстага трактаваньня беларускага рэжыму й увядзеньня чарговых санкцыяў. Іншыя, як, напрыклад, Андрэа Рыгоні, зьяўляюцца прыхільнікамі ўцягненьня Беларусі ў нейкія інтэграцыйныя праекты, пры дапамозе якіх зможа зьмяніць палітыку беларускага ўраду. Паўстае пытаньне, ці існуе шанец знайсьці «залаты сродак» у кантактах зь беларускім бокам?

Палітоляг Валер Карбалевіч: Гэта складанае пытаньне. Ва ўсялякім разе эўрапейскія структуры прытрымліваюцца такой жорсткай лініі — пакуль беларускія ўлады ня выканаюць 12 патрабаваньняў Эўразьвязу, то адносіны ня могуць «размарозіцца». Прычым ня можа адбыцца дыялёг нават па пытаньнях далёкіх ад палітыкі, кшталту энэргетыка ці эканамічныя адносіны. Справа ў тым, што сёньня Беларусь ня мае, што запрапанаваць Эўропе, дзякуючы чаму Эўропа магла б заплюшчыць вочы на праблемы з дэмакратыяй і парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Няма такога тавару, які б Лукашэнка мог прадаць Эўропе. Скажам, Муаммар Кадафі зь Лібіі змог прадаць Эўропе адмову ад падтрымкі міжнароднага тэрарызму. А прадстаўнікі палітычных рэжымаў Сярэдняй Азіі ці Закаўказьзя, дзе таксама існуюць вялікія праблемы з дэмакратыяй, маюць газ ды нафту, якія могуць таксама прадаць. А ў Лукашэнкі няма такога тавару. Ён спрабаваў прадаць сваё дыстансаваньне ад Расеі, але нічога ня выйшла. Аказалася, што гэты тавар не такі цікавы для Эўропы, каб за яго можна было заплюшчыць вочы на праблемы з дэмакратыяй. Таму пакуль што сытуацыя «замарозілася» вось на такім узроўні.

Заўтра Андрэа Рыгоні сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, якую будуць прадстаўляць чатыры сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў, а таксама Аляксандар Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Як паведаміў Польскаму радыё Анатоль Лябедзька, асноўнымі пытаньнямі заўтрашняй сустрэчы будуць сытуацыя ў краіне й вяртаньне Беларусі ў Раду Эўропы.

Караліна Русіновіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0