Уладзiмiр Карызна, паэт, сааўтар Дзяржаўнага Гiмна Рэспублiкi Беларусь:
Iмя Мiкалая Iванавiча Чаргiнца надзвычай папулярнае. Яго слова спакойнае, цiхае, удумлiвае, поўнае дамiнантнай мудрасцi; яно дае надзею, дорыць пяшчотнае святло радасцi, хрысцiць упэўненасцю. Жыццё шчаслiвага чалавека складаецца з учынкаў. Учынкi — гэта крокi, без якiх няма сапраўднай любовi да роднай зямлi, да Бацькаўшчыны. Крокi — гэта подзвiгi…
Мiкалай Iванавiч вельмi вядомы пiсьменнiк. «Чытабельны», своеасаблiвы. Ён аўтар дэтэктыўных твораў, поўных ашаламляльных калiзiй i страсцi. Я помню яго аповесцi «Трывожная служба», «Фiнал Краба», «Загад № 1», раманы «Вам — заданне», «Тайна Чорных Гор», «Сыны»… Ёсць i новыя творы гэтага салiднага, важкага жанру.
Нядаўна — я сказаў бы пераможна — прайшоў па тэлебачаннi серыял па творах Мiкалая Чаргiнца. З нецярпеннем чакаецца працяг серыяла, якi застаўся не толькi ў сэрцах, але i ў свядомасцi шматлiкiх тэлегледачоў.
Ёсць у Мiкалая Iванавiча надзвычай прыкметны, асаблiвы дар Божы. Ён крануўся нас нават не тады, калi мы зачытвалiся яго творамi, а калi гэтых твораў яшчэ не было, яны толькi выспявалi. Калi майстар спорту Мiкалай Чаргiнец быў вядомым футбалiстам, членам мiнскай футбольнай каманды майстроў «Спартак», калi працаваў у крымiнальным вышуку, у тым лiку начальнiкам упраўлення крымiнальнага вышуку Мiнiстэрства ўнутраных спраў БССР, удзельнiчаў у баявых аперацыях у Афганiстане, быў паранены… Вось яны, крокi гераiзму. Крокi мужнасцi. Крокi жыцця. Сучасныя крокi… Усё гэта даецца не многiм, а толькi выбраным, верным сынам Айчыны.
Мiкалаю Чаргiнцу — 70. Шчыра абдымаю вас, Мiкалай Iванавiч, i жадаю, каб радар вашага сэрца яшчэ доўга ўлоўлiваў страсцi‑мардасцi веку; каб хапала сiлы i ў хаце, i ў сенаце! Каб Саюз пiсьменнiкаў Беларусi, якi вы стварылi i якi ўпэўнена ўзначальваеце, i надалей быў добрым сябрам нашага народа!
Генадзь Пашкоў, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», пiсьменнiк:
Традыцыйна склалася так, што Саюз пiсьменнiкаў Беларусi здаўна ўзначальвалi вядомыя людзi, выдатныя пiсьменнiкi. I, як правiла, iх пiсьменнiцкi талент спалучаўся з вялiкай грамадскай нагрузкай. Прыгадайма Петруся Броўку, Максiма Танка, Iвана Шамякiна… Гэта людзi, якiя ўславiлi Беларусь не толькi сваёй творчасцю, але i вялiзнай грамадскай працай на карысць Бацькаўшчыны.
Цяперашнi кiраўнiк Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалай Iванавiч Чаргiнец, як i яго папярэднiкi—кiраўнiкi Саюза, мае вялiкi жыццёвы вопыт, на якi абапiраецца ўся яго творчасць.





