Яшчэ не адчыненыя станцыі мэтро ва Ўруччы ўжо пацярпелі ад рук вандалаў. Невядомыя хуліганы месяц таму разьбілі тры шыбы на адным з уваходаў у мэтро, а на другім, яшчэ раней, шыбы падрапалі. Ідзе сьледзтва, але выявіць, хто гэта ўчыніў, пакуль не атрымалася. Так што мяняць шкло давядзецца за бюджэтныя сродкі.
— Да дня адкрыцьця новых станцый мэтро ўсё будзе выпраўлена, — запэўніў начальнік «Мінскмэтрабуду» Аляксей Сярогін. — На тэрміны здачы нішто паўплываць ня можа.
Цяпер мэтрабудаўнікі ўзмацнілі ахову, а ў выходныя і сьвяты, калі працы ў мэтро не вядуцца, доступ на станцыі перакрываецца.
Урачыстае адкрыцьцё станцый 1‑й лініі менскага мэтро «Барысаўскі тракт» і «Ўручча» прымеркаванае да 7 лістапада.





