Рускамоўныя фантасты шырокім фронтам выступілі на баку ўкраінскага палітыка Януковіча і ягоных антыеўрапейскіх алігархічных крывавых парадкаў. Мяне ніякім чынам не ўсхвалявалі дурасці, панапісаныя і панагавораныя постсавецкімі аматарамі фантастыкі, бо я заўсёды ведаў пра недальнабачнасць гэтых самых фантастаў. Здавалася, яны павінны лепш за астатніх правільна ацэньваць і прадказваць будучыню, але гэта здаецца толькі недасведчаным. Насамрэч, фантасты вызначаюцца інфантылізмам і разумовай абмежаванасцю.

Калі наш вядомы фантаст Уладзімір Шыцік пісаў пра касманаўтаў, якія замест гадзіннікаў звяраюць свае метраномы, нават школьнікі з тых метраномаў смяяліся.

Калі фантаст Вова Жырыноўскі кажа пра хуткае падзенне Ўкраіны, кажа пра адсутнасць такіх з’яваў, як украінская мова і ўкраінскі народ, мне згадваюцца метраномы дзядзькі Шыціка.

Жырыноўскі – жорсткі блазн. Ён сярод інфантыльных рускамоўных літаратараў адзін з самых таленавітых. Ён разумее, што Расійская імперыя трымаецца на тым, што выносіць свае войны, бунты і рэвалюцыі за мяжу. Як толькі вайна Расейскай імперыі сканчаецца за мяжою, яна адразу пачынаецца ў ёй самой.

Не збіраюся прарочыць і нагаворваць, але не хацеў бы, каб рускамоўныя фантасты вырашалі свае імперскія праблемы на плошчах Беларусі. Хай яны паглядзяць праўдзе ў вочы, хай паглядзяць у вочы рускаму народу, бо іх праўда менавіта ў рускіх вачах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?