У гэтыя дні Украіна развітваецца з «Нябеснай сотняй»

– людзямі, якія загінулі на Майдане: былі застрэленыя снайперамі, забітыя да смерці «цітушкамі», задушаныя і ўтопленыя ментамі, спаленыя жыўцом у Доме прафсаюзаў «Альфай»…

А я з жахам думаю: «Няўжо і нашую краіну чакае гэткае ж гора?»

Думаю — і прыхожу да непрыемнай высновы: можа і чакаць. Можа нават яшчэ горшае. Бо

мы вінаватыя значна больш за ўкраінцаў, і мусім сваю віну сплаціць.

Думаю і пра іншае: у імя чаго загінулі тыя маладыя хлопцы, сярод якіх у тым ліку адзін наш суайчыньнік?

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба зразумець, што цяпер адбываецца з украінцамі. Я маю магчымасьць дзякуючы сучасным тэхналогіям размаўляць са шмат кім з Украіны. Я чытаю, што кажуць пра кіеўскія падзеі мае сваякі і сябры, знаёмыя палітыкі і журналісты, жыхары сталіцы і рэгіёнаў.

 І яшчэ

ў мяне перад вачыма стаіць адзін фотаздымак, які абышоў Фэйсбук — прывязаны да ганебнага слупа карумпаваны начальнік мытні

ў паўднёваўкраінскім горадзе Чоп, што на мяжы з Румыніяй. На маю думку, гэты вобраз сімвалізуе тое, за што гэтымі днямі змагаецца Украіна, і за што загінулі яе маладыя хлопцы.

Гэта маральнае ачышчэнне. Гэта выгнанне дэманаў карупцыі, блату і кумаўства. Гэта агульнанацыянальнае пакаянне за абыякавасць адных і скарбакрадства іншых.

Менавіта гэтага цяпер патрабуюць актывісты Майдану і шараговыя грамадзяне ад свайго палітычнага класу. Бо яны, звычайныя жыхары Украіны, сваю страшную цану ўжо заплацілі, і

цяпер чарга элітаў расплачвацца за той рэжым, які яны збудавалі, і з дапамогай якога набівалі кішэні як улада, так і апазіцыя.

Галоўнай песняй Майданe-2014 сталася песня гурту «Мандры», прыспеў якой гучыць па-беларуску так: «Не спі, мая родная зямля! Прачніся, мая Украіна! Расплюшчы свае вочы ў святле далёкіх зорак! Гэта глядзяць на цябе забітыя героі Майдану – усе тыя, хто паклаў жыццё за тваю будучыню».

У гэтым і ёсць пасланне «Нябеснай сотні» — украінцы павінны прачнуцца, азірнуцца навокал, зразумець усю глыбіню свайго маральнага падзення, асэнсаваць гэта і пачаць жыць па-новаму.

Толькі ў гэтым выпадку краіна атрымае шанец на перараджэнне і нацыянальны поспех.

Паглядзеўшы на нашых паўдзённых суседзяў і ацаніўшы іх ахвяру, я цяпер гляджу на наш беларускі народ.

Скажыце, ці вы лічаце, што ў нас няма карупцыі?

Ці вы лічыце, што ў тым, куды зайшла краіна, вінаваты толькі Лукашэнка і рэжым, і больш ніхто? Няўжо няма віны нашай з вамі — звычайных грамадзянаў?!

Хіба не ўспрымаем мы як норму, калі некага з нас уладкоўваюць на добрую працу «па блаце»? Хіба мы лічым амаральным «дамовіцца» з інспектарам, каб пазбегнуць штрафу? Ці шмат хто з нас гатовы ўступіцца за калегу, якога выганяюць з працы ці з вучобы толькі за тое, што ён мае смеласць думаць інакш? Ці не зайздросцім мы тым, хто зарабляе больш за нас, і ці не марым забраць у яго і прысабечыць сабе? Ці ніхто з нас не марыць патрапіць «ва ўладу» цяперашнюю ці будучую «дземакрацічаскую», каб лёгка рабіць кар’еру, дзякуючы блізкасці да карыта? У рэшце рэшт ці шмат сярод нас тых, каму неабыякава тое, хто будзе намі кіраваць заўтра? Ці шмат хто з нас удзельнічае ў той ці іншай форме ў выбарах ці байкоце, а не адседжваецца ў хаце на канапе, апраўдваючыся, што ад яго і так нічога не залежыць, бо ўлады ўсё сфальсіфікуюць?

Калі я быў у гэтыя выходныя ў Нью-Ёрку на дэманстрацыі ўкраінцаў, якія святкавалі зрынанне Януковіча, адна нашая сяброўка з марай у голасе спыталася: «Калі ж у нас будзе такое свята?!» Я тады адказаў ёй, што

свята ў беларусаў будзе тады, калі на заклік у інтэрнэце выйдзе хаця б 1000 чалавек… не, не ў Мінску, а тут, у Нью-Ёрку. Калі знойдзецца 1000 неабыякавых беларусаў, якія прыйдуць на дэманстрацыю не дзеля фота для ліпавых справаў на палітычны прытулак, а на покліч сэрца. Вось тады я пачну паважаць свой народ і скажу: «Мой народ сасьпеў да зменаў».

Але гэта толькі палова справы. Другая палова ў тым, што ў Мінску мусіць знайсціся хаця б сотня тых хлапцоў, што гатовыя ахвяраваць сваім жыццём, бо ўсведамляюць, што за імі на нашай Плошчы стаяць сотні тысячаў, і што сваімі грудзьмі яны прыкрываюць іх, а сваё жыццё прыносяць у ахвяру за выбаўленьне ад грахоў свайго народа.

Украінцы імкнуцца ў гэтыя дні памірыцца з Богам і ўласным сумленнем. Бо няма іншага шляху да шчасця, як пакаянне ва ўласных злачынствах.

Немагчыма збудаваць справядлівую і моцную дзяржаву, калі не пакараць з усёй строгасцю тых, хто здзейсніў злачынствы і не бачыць у гэтым нічога кепскага.

Няма іншай магчымасьці збудаваць шчаслівую краіну і будучыню, як жыць па законах маралі і Бога.

Ці гатовыя мы, беларусы, да гэтага шляху? Няхай кожны адкажа за сябе асабіста — ці гатовы ён сам?

І няхай гэты адказ станецца першым крокам на доўгім шляху да зменаў у краіне, у канцы якога нас чакае Плошча — але і і далейшае свята са слязьмі на вачах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?