Вераніка Чаркасава

У выходныя мінаюць тры гады з дня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. Сёньня сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў ускладуць кветкі на магілу журналісткі.

Людзі зьбяруцца ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў апоўдні і паедуць на Калодзішчанскія могілкі, каб ушанаваць памяць забітай журналісткі.

Супрацоўніцу недзяржаўнай газэты «Салідарнасць» Вераніку Чаркасаву знайшлі 20‑га кастрычніка 2004 году мёртвай у яе кватэры. На целе было болей за 40 нажавых ранаў. Забойцы дагэтуль не знайшлі. Адметна, што ня толькі само забойства, але і яго расьсьледаваньне за тры гады неаднаразова забірала ўвагу грамадзтва. Чаму?

Нагадаю, сярод розных вэрсіяў сьледзтва дастаткова хутка абрала адзіную — бытавую. Падазраванымі аб’явілі сына журналісткі Антона і яе айчыма Ўладзімера Мялешку, якія, паводле сьледзтва, заходзілі ў дзень забойства да Веранікі. Але тыя сваёй віны не прызналі. Цяпер яны кажуць нават аб правакацыях з боку сьледзтва. Так, у канцы 2005 году па абвінавачаньні ў падрабленьні валюты быў арыштаваны Антон. Паводле Ўладзімера Мялешкі, у турме ад юнака запатрабавалі прызнацца ў забойстве маці, а падрабленьне грошай насамрэч сьледчых не цікавіла.

«Прапаноўвалі яму: ты нам дапамажы, закрыем справу. Ён адмовіўся падпісваць тое, чаго не рабіў. Тады яны ўгаворвалі падпісаць, што забіваў дзед, а ён толькі прысутнічаў», — расказвае Ўладзімер Мялешка.

Антон нічога не падпісаў і праз тры месяцы як непаўналетняга яго мусілі вызваліць. Цяпер падазрэньні зь яго і Ўладзімера Мялешкі афіцыйна зьнятыя, але маці Веранікі Чаркавасай Дзіяна не выключае, што яны зноў могуць стаць абвінавачанымі.

Болей за год таму сын Веранікі Чаркасавай Антон ад’ехаў зь Менску ў Маскву да бацькі. Дзіяна Чаркасава кажа, што ня ведае, дзе цяпер жыве яе ўнук. Ёй таксама дакладна невядома, у якім стане цяпер справа аб забойстве дачкі:

«Журналісты тэлефануюць у пракуратуру, і ім адказваюць, што «без камэнтару». Нам таксама невядома, справа цяпер закрытая ці адкрытая. Апошняя інфармацыя была з пракуратуры месяц таму, што закрылі справу».

Калегі Веранікі Чаркасавай дагэтуль не выключаюць: яе маглі забіць за прафэсійную дзейнасьць. У прыватнасьці, згадваюць, што Вераніка шмат пісала пра спэцслужбы, а таксама асьвятляла тэму беларуска‑ірацкіх дачыненьняў у пару Садама Хусэйна.

Рэдактар газэты «Салідарнасць» Аляксандар Старыкевіч адзначае асаблівасьці сьледзтва ў справе Чаркасавай:

«Ёсьць такія падазрэньні. Яны абгрунтаваныя таму, што чамусьці ўлады вельмі неахвотна ставіліся да гэтай справы. Ня ўсе, на нашу думку, магчымасьці былі скарыстаныя для таго, каб яе раскрыць».

У кватэры на вуліцы Някрасава, у якой знайшлі забітай Вераніку Чаркасаву, дагэтуль ніхто не жыве. Пакуль сьцены кватэры надзейна захоўваюць тайну забойства вядомай журналісткі.

Алег Грузьдзіловіч, Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна