Перад прыездам расейскага прэм'ера Менск зрабіў рэвэранс у бок Брусэлю. Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, які дае зялёнае сьвятло прадстаўніцтву Эўракамісіі ў Менску.
Нарэшце дачакаўся свайго часу сп. Хальцапфэль, будучы кіраўнік офісу, што даўно ўжо сядзіць на валізках у Кіеве! Натуральна, у Менск пераязджаць ня заўтра (дый сам офіс рэвалюцыі тут ня зробіць!), фактычна ўказ толькі дае згоду на перамовы, але справа, лічы, у капелюшы.
Гэта другі запар сыгнал Брусэлю пасьля "разгулу дэмакратыі" падчас "Эўрапейскага маршу". Як адзначае наш палітоляг Андрэй Фёдараў, Менск хоча прадэманстраваць Захаду, што можа трымацца ў пэўных межах. Мэта — заваяваць калі не спагаду, то нэўтральнае стаўленьне на пэрыяд новых газавых перамоваў з Масквою.
Сама ж Масква манэўруе. То кажа, што пра перамовы няма й гаворкі, бо ёсьць прапісаная формула. То намякае, што Зубкоў усё ж можа закрануць гэтую далікатную тэму на сёньняшняй сустрэчы з Лукашэнкам.
Указ жа наконт офісу ЭК — гэта мэсыдж і Крамлю таксама: на вас, браткі, сьвет клінам не сышоўся!
Любы крок Беларусі да аслабленьня энэргетычнай залежнасьці нэрвуе Маскву. Вунь і тамтэйшае выданьне "Время новостей" найперш пацікавілася ў мяне: ці ня ў піку Расеі беларускі кіраўнік заявіў пра магчымасьць далучыць японцаў да пабудовы АЭС?
Тое, што айчынныя ўлады сталі нарэшце так-сяк напаўняць зьместам лёзунг шматвэктарнасьці, можна было б толькі вітаць. Адно што, па-першае, страшэнна спазьніліся, і, напрыклад, цягнік Балта-Чарнаморскага калектару пайшоў бяз нас. Па-другое, пара б ужо і спыніць рыторыку пра адзіны народ ды супольнае гніеньне ў акопах. Гэта толькі закранае нацыянальныя пачуцьці сьвядомай грамады, пры тым што трубы ў абыход скандальнай краіны-транзытэркі расейцы ўсё адно пракладуць.





