Мне пашанцавала, што я нарадзіўся тут і жыву тут»

— У мяне быў знаёмы паляшук, то яму для поўнага шчасьця трэ было аднаму ў балота з хлебам, цыбуляй, бутэлькай гарэлкі, і каб на кілямэтар навокал нікога не было, уяўляеце?

— Магу ўявіць. Толькі я замест гарэлкі ўзяла б крэм ад камароў.

— Але дзе тут у Менску вы знойдзеце балота? Няма балота, і цяжка тут балотным людзям без падтрымкі зямлі. Прыежджаму з балота рэалізаваць свой патэнцыял тут складаней. А мяне зямля падтрымвае. Камяні, храмы, горы. Я горны чалавек, і жыву на гары. Заўсёды ведаў, што жыць буду толькі ў Ракаве. Прапіскі ніколі не мяняў. Мне пашанцавала: тут нарадзіўся, тут жыву. Вучыцца ці працаваць можна і ў іншым месцы — у мяне ёсьць выдатная майстэрня ў Менску на Сурганава — а жыць — толькі тут…

Так пачалася размова з Фэліксам Янушкевічам — унікальным чалавекам, мастаком, суўладальнікам (разам з братам Валяр’янам Янушкевічам) унікальнага прыватнага музэю‑галерэі, які жыве ва ўнікальным мястэчку Ракаве. Апошнюю акалічнасьць спадар Фэлікс няспынна падкрэсьліваў, праводзячы экскурсію для групы менчукоў («Новыя беларусы, — шапнуў ён мне, — як дзеці, чэснае слова»). Новыя беларусы выявіліся ўважлівымі і зацікаўленымі слухачамі. А спадар Фэлікс, як прафэсійны экскурсавод, які ведае, што толькі тры працэнты з пачутага запомніцца, сыпаў жартамі і фактамі, сэнс якіх зводзіўся да наступнага: тут, у Ракаве, цэнтар беларускай геаграфіі, гісторыі, а таксама пуп зямлі і ўвогуле ўсясьвету, а тыя 150 чалавек карэнных ракаўчукоў, што жывуць цяпер у мястэчку — «сур’ёзныя пацаны і дзяўчонкі», здольныя на многае, калі не на ўсё (у найлепшым сэнсе гэтых словаў).

«Ракаў падцягвае пад сябе»

І гэтаму лёгка паверыць. Ракаў — адна зь вёсак Валожынскага раёну, якую так і хочацца назваць смачным словам «мястэчка», і якая здолела захаваць тоеснасьць, набытую за вякі. Падобна, тут адно зь месцаў, дзе таямнічая плынь жыцьця выбіваецца з пластоў часу на паверхню і віруе асабліва моцна. Яшчэ з шашы Менск—Горадня адкрываецца цудоўны від: даліна, вежы касьцёла, макаўкі царквы, россып дамкоў… Захавалася тут прыгажэнная старажытная пляніроўка, ёсьць і гарадзішча, і цудадзейная крыніца, і старыя‑старыя могілкі, і вельмі жывы кірмаш па выходных… Тут, у вёсцы, дзе жыве 2500 чалавек, аж тры музэі! Напрацаваны пакаленьнямі дух вее над гэтым месцам.

— Гэты дух дысцыплінуе і трымае і прыежджых, — падкрэсьлівае спадар Фэлікс. — Ракаў падцягвае і перароблівае іх пад сябе. Гэта адчуваюць нават алькаголікі і трымаюцца ў рамках. У нас тут ракаўскі трывалы парадак.

Музэй‑галерэя

Гэтым парадкам прасякнуты і музэй‑галерэя Янушкевічаў.

Комплекс галерэі ўражвае: тры вялізныя дамы ствараюць унутраны двор; у адным з дамоў — сам музэй‑галерэя, у другім — гатэль з банкетнай заляй, трэці стаіць пакуль недабудаваны:

— Прыпынілі будоўлю. У нас не праведзены газ, таму на ацяпленьне зімой ідзе дванаццаць машын дроваў! Каб яшчэ адзін дом — то ўвесь лес зьвялі б. Пачакаем, пакуль газ падвядуць. У нас тут набыў дом спадар Ломаць [старшыня Камітэту дзяржкантролю -- НН], то, спадзяюся, чакаць газу нядоўга засталося, — сьмяецца гаспадар.

Уражвае і падбор экспанатаў, найперш, нейкай цёплай жыцьцёвасьцю кампазыцыі. Любоўю, зь якой былі сабраныя ўсе гэтыя рэчы. Вастрынёй позірку чалавека, які іх зьбіраў. Старажытнасьці і карціны, скульптуры і камяні. Тут старадаўняя дзяжа і плякат з Гітлерам на суботніку, ікона сьвятога Міхала і прылада ракаўскага рэзьніка, паліто з выхухлем, у якім фарсілі за тымі саветамі ракаўскія модніцы і з васямнаццатага стагодзьдзя прыходзкая кніга ракаўскага касьцёла — усё вельмі арганічна аб’яднана і стварае нейкую магічную ці амаль магічную стужку, пасму, якую, падалося, немагчыма сфоткаць або зьняць на відэа. Трэба бачыць на свае вочы, павяртаючыся на голас гаспадара, як у зачараваным коле.

«Я плачу падаткі з гэтага гнязда мастака»

Спадар Фэлікс паказвае галерэю і расказвае:

— Ідэя музэю‑галерэі ўзьнікла даўно. Можа, яшчэ тады, калі я ў пятай клясе трапіў ў хатні музэй Апалінарыя Пупкі, які жыў у Івянцы. Зьбіралі мы сваю калекцыю ўсё жыцьцё. У нас дзясяткі тысячаў экспанатаў. Ёсьць вельмі каштоўныя. Ёсьць такія, якія каштуюць, як цэлы музэй. Прычым паступленьні ідуць кожны дзень. Вось цяпер у Ракаве праводзяць газ, капаюць, дык я набраў у іх траншэях 100 кіляграмаў керамікі.

А злодзеяў не баіцеся?

— Не, не баюся. На кожнай музэйнай рэчы — моцны радавы заклён, таму злодзеі проста баяцца да іх дакрануцца. І нават калі хто возьме нешта, то потым хутчэй вяртае.

— Экспазыцыю фармавалі самі?

— Самі, сам таксама рыхтаваў тэксты экскурсій. Можна было, канечне, пасадзіць нейкую дзяўчонку, каб яна накрапала тэкст, але навошта? Мне гэта вельмі цікава самому. Не наеўся яшчэ гэтым. Вось калі ўсё дабудуем, раскруцім маштабна, тады перавяду гэта на іншыя рэйкі. А пакуль раблю сам. Тут наагул ёсьць такая цікавая рэч, цікавая грань паміж тым, што ты робіш сам і што перакладаеш на другіх. Бясьпека дому, цяпло — гэтым займаюся толькі я. Нельга, каб быў дысбалянс работы: калі ты многа перакладаеш на другіх, то робісься непатрэбным гэтай зямлі ды паміраеш! А я прыслухоўваюся да зямлі і раблю так, як яна мне падказвае. Канечне, у жонкі ёсьць памочнікі па гаспадарцы. Але многа мы робім самі…

— А як складаюцца вашыя дачыненьні з афіцыйнымі органамі? І колькі каштуе наведаць ваш музэй‑галерэю?

— Мы плацім падаткі з гэтага гнязда мастака. Кошты для наведвальнікаў — паводле дамоўленасьці. Экскурсія — тры гадзіны. У працэсе экскурсіі садзімся за стол — інфармацыю трэба ўтаптаць (сьмяецца). Прычым прадукты ракаўскія, з нашага рынку, сьвежанькія, не зь лядоўні. Мы можам і на начлег пакінуць, і лазьню пратапіць… Сыстэма скідак, канечне, ёсьць. Навучэнцаў інтэрнату прымем і бясплатна, а новых беларусаў — не, — зноў сьмяецца гаспадар.

— Вам эканамічна выгадна займацца гэтай справай?

— Мы — мастакі, жывем з карцін, але, у прынцыпе, жыць з галерэі, з артэфакт‑турызму таксама можна. За час існаваньня маёй галерыі сюды прыяжджалі дзясяткі тысячаў чалавек. Шчыра кажучы, ніякай выхаваўчай мэты я перад сабой ня стаўлю. Я стаўлю мэту расказаць пра тое, што мне цікава. Але, напэўна, гэта дае нейкую пазытыўную матывацыю, пазытыўныя эмоцыі. Ня можа не даваць!

«Добра, што Ракаў — вёска»

— Бюджэт вёскі — 500 даляраў на год. Гэтага хапае, каб пафарбаваць штыкетнікі. І гэта добра! Дарогі і масты, канечне, падупалі. Калі я быў малы, то ўсё тут было замошчана камень у камень, і мы ганялі па іх на роварах, як шумахеры. А цяпер калюжыны такія, што камаз намёртва засядае. А з другога боку, я бачу ў тым, што Ракаў застаўся вёскай, падтрымку Маці Божай. Чаму? Патлумачу: калі б мы засталіся горадам, як былі пры Польшчы, то бюджэт быў бы нашмат большы, і саветы ўклалі б грошы ў дынаміт, узарвалі б нашыя храмы — а такіх і ў Менску няма, панабудавалі б заводаў, скапалі б унікальны рэльеф. А так нам засталося ўсё, як зрабілі продкі!

«Шляхта не сьпяшаецца, але не спыняецца»

— Раскажыце пра сваю сям’ю. Якой вам бачыцца будучыня вашых дзяцей?

— Жонку Наталечку знайшоў у касьцёльным хоры. Я ажаніўся позна. Цяпер мне пяцьдзесят два гады, і ў мяне сын і дачушка. Думаю, што на гэтым мы ня спынемся. Так што шляхта, як бачыце, не сьпяшаецца, але не спыняецца. Дзеці вучацца ў пачатковых клясах у 4‑й нацыянальнай гімназіі, о тут, пры ўезьдзе ў Менск. Я або жонка возім дзяцей у школу — са школы на машыне, сорак кілямэтраў якіх. Гэта не праблема. Школа з эстэчыным ухілам, мы ў цэлым ёю задаволеныя. Правільная школа. На першага верасьня швэдзкі пасол на беларускай мове віншаваў дзяцей і раіў, як трэба вучыцца (сьмяецца).

Жыцьцё ня трэба прабалтаць. Трэба рабіць яго. Гэтаму трэба вучыць дзяцей з самага дзяцінства, і гэта асноўнае.

Нас пяцёра братоў. Усе самастойныя, усе дабіліся ў жыцьці, чаго хацелі. Два мастакі, скульптар, архівіст, фізык. У траіх з нас дамы тут у Ракаве. Ад бацькоў, ад дзеда нашае стаўленьне да жыцьця, нашае ўменьне слухаць зямлю. Мой дзед адчуваў кропку напружаньня любога каменю: падыдзе, паглядзіць тры хвіліны і паказвае — біце тут, і камень колецца!

«Канечне, я шчасьлівы!»

Спадар Фэлікс часта і весела сьмяецца. Здаецца, апошнім часам я і не сустракала такога вясёлага чалавека. Ва ўсіх нейкія праблемы. Шчасьлівых не відаць. А ад яго так і праменіцца пазытыў. Не магла не задаць прамога пытаньня.

— Канечне, я шчасьлівы! — запэўніў мяне мастак у адказ. — Я раблю толькі тое, што мне цікава, жыву так, як мне хочацца. У гэтым і ёсьць сэнс жыцьця: прыгожа жыць. Радавацца кожны дзень. Што вы гаворыце? Якія абставіны не дазваляюць, хто сказаў? Вось паглядзіце навокал: тут усюды тыя сымбалі, якія павышаюць і настрой, і жыцьцёвы тонус: бел‑чырвона‑белы сьцяг, «Пагоня»… Хто ж гэта мне забароніць карыстацца імі ў прыватных уладаньнях? Я раблю толькі тое, што мне цікава. Што нецікава — не раблю. У мяне свая цывілізацыя, якую я зрабіў такой, як хацеў. І стварыць сваю цывілізацыю можа і павінен кожны! Чаго ты хочаш, тое і адбываецца. Хацець толькі трэба як сьлед!

Наталка Бабіна


Фэлікс Янушкевіч. Здымак Андрэя Лянкевіча
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна