Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу актывіста маладзёжнага дэмакратычнага руху Зьмітра Жалезнічэнкі на яго арышт і штраф. Скарга намесніка старшыні абласной маладзёжнай краязнаўчай арганізацыі «Талака» і намесніка старшыні абласной арганізацыі «Моладзь БНФ» (маладзёжнага крыла БНФ) разглядалася 19 кастрычніка.

Актывіст звярнуўся ў суд з мэтай прызнаць неправамерным яго васьмісутачны арышт і штраф, да якіх прыгаварыла яго суддзя Цэнтральнага раёна Марына Дамненка. З.Жалезнічэнку абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы і непадпарадкаванні міліцыі.

18 верасня З.Жалезнічэнка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па падазрэнні ў згвалтаванні. Яго даставілі ў АУС Чыгуначнага раёна, пасля чаго перавялі ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёна і ў той жа вечар памясцілі ў ІЧУ. На наступны дзень суд прыцягнуў яго да адміністрацыйнага арышту і штрафу.

«Можна было чакаць, што абласны суд пагодзіцца з раённым. Каб даказаць сваю невінаватасць, я прапанаваў суддзі Аляксею Шаміхіну правесці следчы эксперымент: ён будзе ехаць на машыне па вуліцы Савецкай, а я ў гэты час буду спускацца ў падземны пераход. Я прызнаю сваю віну, калі ў такім выпадку можна будзе пачуць, як я лаюся матам. А калі верыць супрацоўнікам міліцыі, справа была менавіта так. Яны чулі маю «нецэнзурную лаянку», калі я быў у пераходзе, а яны — у машыне», — расказаў З.Жалезнічэнка.

Нагадаем, 7 верасня выдатнік вучобы, які не меў пропускаў заняткаў, Жалезнічэнка быў адлічаны з трэцяга курсу матэматычнага факультэта Гомельскага універсітэта імя Ф.Скарыны. Адміністрацыя ВНУ матывавала сваё рашэнне «сістэматычным парушэннем правілаў унутранага распарадку». З.Жалезнічэнка звязвае сваё адлічэнне з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Рашэнне адміністрацыі ВНУ аб адлічэнні актывіст абскардзіць у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.

Таксама 19 кастрычніка З.Жалезнічэнка быў выкліканы ў гарадскі ваенкамат.

«У ваенкамаце я адмовіўся запаўняць розныя бланкі на рускай мове, запатрабаваўшы прадаставіць мне дакументы на маёй роднай, а таксама дзяржаўнай беларускай мове. Супрацоўніцы ваенкамата спачатку адмовіліся гэта рабіць, але потым ваенкам усё ж папрасіў сваіх падначаленых перакласці тэсты на беларускую мову», — паведаміў З.Жалезнічэнка.

19 кастрычніка стала вядома, што Міністэрства адукацыі, куды звяртаўся са скаргай на адміністрацыю ВНУ З.Жалезнічэнка, прызнала законным яго адлічэнне.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0