Звярнуцца да кіраўніцтва сваёй краіны вывесці войскі з Украіны заклікала «рускіх маці» лідарка грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач.

«Я — дачка, сястра, жонка і маці беларускіх мужчын. Мне сорамна за тых, хто радуецца ўводу расейскіх войскаў у Украіну і апраўдвае гвалт. Мне страшна за нашых сыноў. Ужо амаль 70 гадоў так блізка да межаў Беларусі не адбывалася ніякіх ваенных канфліктаў», — піша Карач.

«Маці Беларусі са слязамі на вачах памятаюць вайну ў Афганістане і цынкавыя труны, у якіх прывозілі нашых сыноў, мужоў, бацькоў і умілаваных, — адзначае актывістка. — Хлопчыкі майго роднага горада Віцебска былі першымі, хто ўвайшоў 26 снежня 1979 года ў Афганістан, а выйшлі апошнімі — 15 лютага 1989 года. 907 дэсантнікаў ўжо ніколі не вернуцца з гэтага паходу… Я ведаю дзвюх жанчын, чые дзеці загінулі там. Спытаеце ў іх, ці вартая была вайна ў Афганістане жыцця іх хлопчыкаў?»

Карач, па яе словах, хвалюе пытанне, ці не давядзецца беларускім салдатам ваяваць ва Украіне, бо ў Беларусі саюз з Расіяй.

«Я як жанчына асуджаю ўсіх тых, хто развязвае вайну дзеля сваіх нястрымных палітычных амбіцый — вайну, у якіх загінуць не іх сыны, а нашы хлопчыкі», — піша Вольга Карач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?