![]() Бэрнд Штанге |
Такое меркаванне выказаў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Бернд Штанге ў інтэрв'ю нямецкай газеце "Frankfurter Allgemeine Zeitung".
У артыкуле зазначана, што першыя рашэнні Б. Штанге пазітыўна ўспрынялі не ўсе. У прыватнасці, адмова немца ад паслуг Сяргея Гурэнкі і Сяргея Штанюка справакавала "моцны крык яго няўдалых папярэднікаў".
"Абодва яны выдатныя гульцы, але ў далейшым расці не будуць. Да таго ж беларускі футбол з гэтым пакаленнем нічога не дасягнуў", — лічыць Б. Штанге.
Як падкрэслівае "FAZ", у нямецкага спецыяліста ёсць прыкрыццё з боку Беларускай федэрацыі футбола: у трохгадовым кантракце Б.Штанге зафіксавана, што ён можа спакойна працаваць першыя паўтара гады.
"Штанге ўвесь час нагадвае, наколькі вялікае яго заданне. Яму падабаецца роля выратавальніка, — піша газета. — Ён хоча, каб беларускі футбол пазбавіўся ад сваёй звыклай, вельмі непрывабнай абарончай тактыкі". "Беларусам няпроста прывіць нямецкі або бразільскі стыль гульні, але трэба карыстацца тым, што тут вельмі шмат хуткіх гульцоў", — сказаў трэнер.
Ён, паводле яго слоў, разлічвае, што ўжо ў наступным годзе каманда зробіць фурор свежым, атакуючым футболам.
"Гранды павінны баяцца гуляць у Мінску. Дагэтуль яны ўсе з усмешкай везлі адсюль ачкі", — заявіў Б.Штанге.
На працягу ўсяго студзеня наступнага года ён плануе правесці збор з удзелам футбалістаў, якія выступаюць у беларускіх клубах, каб данесці да іх "сучаснае ўяўленне аб гульні і трэнерскай рабоце".
Пытанні пра палітыку трэнеру непрыемныя, зазначае "FAZ".
"Пакуль прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блатэр паціскае руку Аляксандру Лукашэнку, Штанге няма пра што клапаціцца. Я проста выконваю тут сваю работу як футбольны трэнер", — падкрэсліў спецыяліст.
Нямецкае выданне паведамляе, што зарплата Б.Штанге ў Беларусі складае 800 тыс. долараў у год (прыкладна 66.700 долараў, або амаль 47.000 еўра ў месяц у пераліку па бягучым курсе). Спартыўная газеты "Прессбол", што выходзіць у Мінску, 18 кастрычніка назвала больш нізкі памер месячнай зарплаты трэнера — 25.000 еўра.
За тры месяцы пад кіраўніцтвам Б.Штанге каманда атрымала адну перамогу і мела чатыры паражэнні, тры з якіх — у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы-2008.





