Нарэшце выдалася часіна болей дэталёва азнаёміцца з апошнім нацыянальным апытаньнем пад эгідай НІСЭПД. Як, у прыватнасьці, ацэньвае наша грамада "газавыя войны"?

http://img148.imageshack.us/my.php?image=pracivahazy1yg6.jpg

Дык вось, пры ўсім шчыраваньні прапаганды, толькі 25,7% — чвэрць — мяркуюць, што ў энэргетычных канфліктах вінаватая Масква. 18,4% беларусаў грашаць на сваё кіраўніцтва, а палова лічаць, што і там, і там — добрыя цацы.

Яшчэ адзін цікавы момант: калі падчас зімовай газавай вайны абсалютная бальшыня зрабіла выснову, што Лукашэнка паказаў сябе моцным палітыкам, дык пасьля жнівеньскай крызы (памятаеце, калі цягнулі рызіну з выплатай запазыкі?) маса ўжо не гатовая пляскаць у ладкі. У выніку толькі 14,7% лічаць, што канфлікты з Масквой падвысілі народны давер да прэзыдэнта, а вось у 37,8% думка адваротная. (Прычым гэтае суб'ектыўнае адчуваньне не падманвае рэспандэнтаў: рэйтынг кіраўніка дзяржавы сапраўды прыкметна споўз.)

І, нарэшце, апошняя жменя лічбаў, каб надта не грузіць шаноўных чытачоў:) Сёньня на гіпатэтычным рэфэрэндуме ў пытаньні аб'яднаньня з Расеяй "за" прагаласавалі б 33,8%, супраць — 47,4%.

Я разумею, што нецярплівым незалежнікам хочацца болей, але і так добра. Яшчэ ніколі не было такой розьніцы на карысьць праціўнікаў "братняга яднаньня"!

Прычым трэба ўлічыць, што ў галовах прыхільнікаў інтэграцыі — каша. Шмат каму з гэтай публікі, мусіць, здаецца, што можна быць адной нагой у імпэрыі, а другой — у незалежнасьці. Бо пры адказе на іначай сфармуляванае пытаньне высьвятляецца: за поўнае зьліцьцё з Расеяй (калі адзін прэзыдэнт, адзін сьцяг, адна валюта, адно войска і г.д.) — толькі 10%.

Рэзюмэ напрошваецца такое. Ачмурэньне "братняй інтэграцыі", дзякуй богу, выветрываецца. Расея ўжо так ня вабіць нават традыцыйна зарыентаваную на ўсход публіку. Прычым да стварэньня непрывабнага іміджу ўсходняй суседкі (развал, гніеньне, ненажэрныя алігархі і нават — во жах! — культ асобы Пуціна:) апошнім часам добра прыклала руку афіцыйная прапаганда. Зразумела, найперш ставілася мэта палепшыць на гэтым тле вобраз айчынных вярхоў як высакародных змагароў супраць вераломнага Крамля ды тлустых катоў з "Газпрому". Але электарат пакрысе стаў схіляцца да высновы, што абое рабое. Звычайна гэта вельмі ўстойлівая выснова:)

ЗЫ. Дзякуй невядомаму чытачу за спасылку на моцную ілюстрацыю (з адгазьнікамі)!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру