Конь праваліўся, калі на ім у вёсцы Млазаўцы на Баранавіччыне аралі зямлю. Нейкім дзівам пад нагамі апынуўся занядбаны калодзеж, прыкрыты адно гнілымі дошкамі.

Конь праваліўся ў яміну сьпярша адной нагой, а пасьля пачаў паціху спаўзаць увесь.

Гаспадар кінуўся тэлефанаваць у Баранавіцкі аддзел па надзвычайных сытуацыях. Калі ратавальнікі прыехалі, над зямлёй засталіся адно пярэднія ногі жывёліны.

Ратавальнікі прыгналі бульдозэр, разабралі тры жалезабэтонныя колцы студні й паспрабавалі цягнуць вяроўкамі, але тыя ня вытрымалі вагі й парваліся.

«Тады ў ход пайшоў мэталёвы трос. Каб конь не парэзаўся, абматалі яго фуфайкамі. Нашу апэрацыю па ратаваньні абцяжарвала тое, што жывёліна, як магла, адбівалася ад людзей пярэднімі капытамі. Дзеля сваёй бясьпекі хлапцам давялося надзець шлемы», — расказаў супрацоўнік Баранавіцкага гаррайаддзела па надзвычайных сытуацыях Вячаслаў Саматошанкаў.

Ратаўнічая апэрацыя цягнулася дзьве гадзіны. Калі каня такі выцягнулі, у яго не было нават сілаў стаяць на нагах. Але праз колькі гадзінаў небарака ачуняў і падняўся.

Летась баранавіцкія ратавальнікі ўжо даставалі з калодзежаў чалавека й сабак.

Паводле: Сяргей Карабанаў, BulletinOnline.org

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру