19 кастрычніка адбыўся канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, на якім былі прэзентаваны новыя песьні на вершы знанага мэтра паэзіі, публіцыста і грамадзкага дзеяча Генадзя Бураўкіна. Яны складуць лістападаўскую праграму пад назвай “Лірыка” і напрыканцы года выйдуць асобным дыскам. Слухачы з цеплынёй успрынямі папулярныя творы на словы Р.Барадуліна, Ул.Някляева, Л.Дранько-Майсюка, А.Русака.
“Спявак знайшоў адэкватны музычны стыль, які адпавядае вершам сучасных беларускіх класікаў, - кажа публіцыст і паэтка Валянціна Аксак. -Створаныя ў сілаба-танічным рытме, яны падразумяваць магчымасьць быць пакладзенымі на музыку, іх ад пачатку напаўняе сугучнасьць сьпевам. Іншая справа праспяваць Маякоўскага, але і тут артыст набірае вышыню шчырасьцю і палымянасьцю пачуцьцяў.”
З далікатнасьцю і прафесійнасьцю музыкант падыходзіць як да вядомых паэтычных узораў, так і да прыхаваных, і яны ў яго выкананні становяцца маленькімі шэдэўрамі.
Набліжаючыся да фальклорных матываў, артысты “WZ -Orkiestra” кіруюцца беларускай фальклёрнай мелодыкай, адчуваюць народную стыхію, насычаную ўнутраным драматызмам, як гэта яскрава бачна ў баладах, казках “ Зялёны дубочак”, “ Даніла” і іншых.
З.Вайцюшкевіч. |
Адбылася прэмьера некалькіх песень на вершы з новага цыкла “Лірыка”. Мягкасьць, стрыманая рашчуленасьць, задушэўнасьць, ўласьцівыя бураўкінскай лірыцы, спалучаюцца з багатай аркестроўкай. У новых песнях “Твая пяшчота”, ”Месяц –жоўтая лодка”, “Суседка” праступаюць непаўторныя абрысы паэзіі трапяткога майстра.
Генадзь Бураўкін зь сям'ёй. |
Слова, сагрэтае ўтрапёным пачуццем, напаўняе радасьцю беларускую душу.
“Я прыемна ўражаны новымі адкрыцьцямі, якія прапануе таленавіты сьпявак,- кажа пастаянны наведвальнік праграм, амбасадар Каралеўства Швецыі Стэфан Эрыксан.
Каб таксама заахвоціць сьпевака да сумеснай творчасьці, мы прапанавалі яму вершы сучасных шведскіх паэтаў у перакладзе Дз. Плакса, ён паглыбляецца ў іх вывучэнне, рыхтуе для іх музычную афарбоўку”.