«Вова, дадому! Нам абарона не патрэбна!» — скандавалі ўдзельнікі антываеннага мітынгу ў Данецку ўвечары ў аўторак. Актывісты дамовіліся пра мітынг у сацсетках. Сабраліся каля Свята-Прэабражэнскага кафедральнага сабора УПЦ Маскоўскага патрыярхату, дзе раней збіраліся цітушкі ў падтрымку «Беркута» і Януковіча.
У мітынгу прынялі ўдзел да 1,5 тыс. чалавек. «Данбас+Украіна = мы разам», «Рускія салдаты, вас чакаюць дома», «Украіна адзіная!», «Данбас і Крым — Украіна!» — такія плакаты падрыхтавалі мітынгоўцы.
Прысутныя крычалі: «Губарава — на нары!» і «Данецк, уставай!». Гэтак выказвалі стаўленне да сепаратыстаў, якія захапілі Данецкую адміністрацыю і папрасілі Пуціна, каб ўвёў «міратворчыя» войскі.
Удзельнікі не прамаўлялі прамоваў. Размахвалі сцягамі і сцяжкамі. Спявалі гімн і скандавалі патрыятычныя лозунгі. Некаторыя скардзіліся, што не змаглі купіць нацыянальны сцяг, які стаў у Данецку дэфіцытам. Прызнаваліся, што не бралі ўдзел у акцыях Еўрамайдану, паколькі быць украінскім патрыётам у Данецку — гэта страшна.
На супрацьлеглым баку вуліцы Арцёма сабралася некалькі дзясяткаў прыхільнікаў самаабвешчанага кіраўніка вобласці Паўла Губарава, чые таварышы павесілі над адміністрацыяй сцяг Расіі. Выкрыкнуўшы «Рос-сі-я!», «Далоў ўкраінскую акупацыю!» і яшчэ пару прыніжальных прапаноў, яны падысці не адважыліся.
Сярод удзельнікаў антываеннай акцыі было шмат студэнтаў. Былі і данецкія ультрас.
Падчас апошняга матчу на «Данбас-Арэне» фанаты «Шахцёра» пракрычалі «Слава Украіне», але стадыён адказаў на гэта незадаволенымі воклічамі. А калі была абвешчаная хвіліна маўчання па загінулых у Кіеве, сектар, на якім знаходзіліся госці з Расіі, пачалі скандаваць: «Беркут!»
У нядзелю каля помніка Шаўчэнкі адбыўся стыхійны мітынг супраць вайны, на які прыйшло каля 50 грамадзян. Словы: «Слава Украіне!» і «Пуцін, прэч!» прывялі ў агрэсіўныя стан апанентаў. Рускія і мясцовыя пуцінцы пачалі свісцець, паказваць непрыстойныя жэсты і свісцелі ў бок украінскіх патрыётаў. Рускі нацыяналіст Губараў кажа, што «паўднёва -ўсходняя Украіна — гэта гістарычная Наваросія, зямля, па сутнасці, руская і Украіне ніколі не належыла».