У шэрагу панельных дамоў, што месцяцца на сталічным праспекце Ракасоўскага, вокны ў падвальныя памяшканні заварылі металічнымі шчытамі. У пастцы аказаліся кацяняты.

Металічныя шчыты маюць некалькі невялічкіх адтулін для вентыляцыі і пранікнення слабага святла. У той жа час, як выявілася, гэткія антывандальныя прыстасаванні сталі непераадольнай перашкодай для кошак і катоў, якія жывуць у падвальных памяшканнях дзесяцігоддзямі.

Завараныя вокны падвалаў шэрымі кавалкамі жалеза, якія выглядаюць ня дужа эстэтычна, не выклікалі вялікай радасці ў жыхароў панельнай забудовы. Але з чым людзі сапраўды не пажадалі мірыцца, дык гэта з пакутамі ні ў чым не вінаватай жывой істоты. Калі заварылі ўсе вокны (а дзверы ў падвалы даўно пад замком), у пастцы аказаліся кацяняты. Кошка, якая вярнулася з палявання, у адчаі і разгубленасці мяўкала пад вакном.

Жыхары дзейнічалі па‑партызанску…

На наступны дзень кацяняты ужо маглі выбірацца на сонейка праз выразаную ў металічным лісце досыць вялікую адтуліну

— У маленечкія дзіркі металічнага шчыта былі бачны тварыкі кацянятаў. Я, калі такое заўважыла, проста не магла прайсці міма. Паклікала суседа, дамовілася з жыхарамі пад’езда, каб нам адчынілі падвал, і мы ўначы зрабілі электрапілой для катоў лаз, — кажа спадарыня Таццяна, якая выгульвала свайго спаніэля.

Трохі пазней такі ж лаз з’явіўся на суседнім доме. Цікава, што жыхары па выразаным гэтым пытанні праявілі поўную салідарнасць і ўсё рабілася на грамадскіх пачатках. Людзі лічаць, што мураваць падвалы перад наступленнем халадоў, пакідаючы папуляцыю мясцовых кошак замярзаць — бесчалавечна. Ужо многа гадоў людзі падкормлівалі катоў і ніколі не скардзіліся на дыскамфорт ад такога суседства. Яны лічаць, што лепей няхай у падвале жывуць каты, чым мышы і пацукі.

Змаганне за чысціню і парадак

Начальнік вытворчага аддзелу Упраўлення жыллёвай гаспадаркі Менгарвыканкама Юры Талстой прызнаў, што практыка усталявання антывандальных металічных шчытоў на вокны падвалаў сапраўды існавала:

— Прывараныя шчыты сапраўды ня дужа эстэтычныя, але яны выконваюць свае функцыі. Гэта спрыяе энергазберажэнню, бо захоўвае цяпло падвальных памяшканняў, а таксама дапамагае падтрымліваць іх належны санітарны стан, перашкаджае пранікненню ў падвалы брадзячых жывёл. Усё ж, наяўнасць вялікай колькасці безнаглядных хатніх жывёл нясе пэўную эпідэміялагічную небяспеку, — лічыць Юры Талстой.

Кошкі — санітары падвалаў

Старшыня ГА абароны жывёл «Ратаванне» Людміла Атрашкевіч зазначае, што практыка замуроўвання падвалаў мае агульнагарадскі маштаб, што выклікае сур’ёзную занепакоенасць лёсам папуляцыі гарадскіх кошак, якая складаецца з каля 4 тысяч жывёл:

— Гэта можна класіфікаваць як жорсткае абыходжанне з жывёламі. Камунальшчыкі кажуць, што калі не задраіць усе вокны, у іх размарозяцца трубы. Можна падумаць, металічныя шчыты з дзіркамі захаваюць шмат цяпла. Але ж навошта замуроўваць усе лазы? Па‑першае, гарадскія каты і кошкі — гэта санітары падвалаў, дзякуючы якім у мегаполісе істотна паменшана папуляцыя грызуноў. Па‑другое, мы праводзім стэрылізацыю і вакцынацыю бяздомных жывёл ад мікраспарыі і шаленства. Клапоцімся пра тое, каб кошкі мелі доступ у падвальныя памяшканні жыллёвай забудовы. Некаторыя ЖЭСы, ідуць нам насустрач у гэтым пытанні, — кажа спадарыня Людміла.

Старшыня ГА «Ратаванне» паведаміла, што ад імя арганізацыі збіраецца пісаць ліст у Гарсавет, каб вырашаць існуючую праблему з дапамогай дэпутатаў. Яна таксама заклікае апекуноў бяздомных жывёл збіраць подпісы і дасылаць іх разам са сваімі прапановамі па вырашэнню праблемы у райвыканкамы.

Артур Лагодны, bulletinonline.org

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру