Віктар Зубкоў

Сяргей Сідорскі

22 кастрычніка прэм’ер‑міністар Расеі Віктар Зубкоў з уласнай ініцыятывы патэлефанаваў свайму беларускаму калегу Сяргею Сідорскаму, каб абмеркаваць меры па выкананьні дамоўленасьцяў, дасягнутых у часе працоўнага візыту Зубкова ў Менск, які прайшоў тры дні таму.

Як паведамляе афіцыйны сайт беларускага ўраду, суразмоўцы пацьвердзілі дамоўленасьць пра стварэньне сталых беларуска‑расейскіх груп па вырашэньні праблемных пытаньняў. Да праблемных пытаньняў у дачыненьнях між краінамі сёньня адносяцца энэргетычная, мытная й транспартная сфэры, пастаўка сельскагаспадарчай прадукцыі, супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі й перапрацоўчых галінах, вытворчая каапэрацыя й стварэньне супольных вытворчасьцяў.

Уздым і апэратыўнасьць, зь якой беларускі ўрад паведаміў плянэце пра гэты званок, тлумачыцца тым, што ініцыятыва Зубкова патэлефанаваць Сідорскаму атрымала ўхваленьне самога Пуціна ў зьвязку з кан’юнктурай на расейскім рынку прадуктаў.

«Дастаткова востра стаіць праблема стабілізацыі цэнаў… Апроч адміністратыўных захадаў (яны прымаюцца сёньня) рашэньнем гэтага важнага пытаньня паслу́жыць, на мой погляд, стварэньне здаровай канкурэнцыі на нашых прадуктовых рынках, у тым ліку за кошт падтрымкі каапэрацыйных ды інвэстыцыйных сувязяў у рамках Саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю. Гэтае пытаньне мы сёньня падрабязна разгледзім на камісіі па прадуктовым рынку, якую я праводжу штотыдня», — даклаў 22 кастрычніка расейскі прэм’ер прэзыдэнту Пуціну.

Агульнае куратарства дзейнасьці згаданых працоўных груп будзе ўскладзена зь беларускага боку на віцэ‑прэм’ера Андрэя Кабякова, з расейскага — на кіраўніка апарату ўраду РФ — Сяргея Нарышкіна.

Паводле АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0