На пачатку лютага папаўзлі чуткі, а потым з'явілася інфармацыя на сайце «За здаровую моладзь» аб тым, што ў вёсцы Чэрні Брэсцкага раёна ствараецца цэнтр рэабілітацыі наркаманаў.

Уладальнік дома па вуліцы Беларускай, 16 у вёсцы Чэрні, з'яжджаючы, неяк сказаў суседзям: маўляў, пару дзён у яго пажывуць некалькі хлопцаў і дзяўчат. «Некалькімі хлопцамі» апынуліся чатырнаццаць маладых людзей і дзяўчына.

У сельвыканкаме і міліцыі патлумачылі, што гэта расійскія грамадзян, і што іх знаходжанне сапраўды звязана з лячэннем ад наркатычнай залежнасці.

Аднак людзі сталі заўважаць, што «хворыя» купляюць спіртное і цыгарэты. А аднойчы ўвечары адбыўся выпадак, калі кампанія наркаманаў сустрэлася дзецям, якія вярталіся са школы. Тыя былі моцна напалоханыя.

Мясцовыя жыхары ініцыявалі сустрэчу ў кабінеце старшыні сельвыканкама, потым — 19 лютага — яшчэ адзін сход, ужо ў Доме культуры, з прадстаўнікамі мясцовай улады. Людзі выказвалі шмат прэтэнзій прысутным кіраўнікам, часам не саромеючыся ў выразах: «Мы баімся за сябе і сваіх дзяцей, а міліцыя нас не абараняе. Хто даў дазвол на усяленне?» Высветлілася, што райвыканкам. Аднак, афіцыйна, будаўніцтва не завершанае і нідзе не зарэгістраванае. На якой жа падставе адбылося усяленне?

Падагрэла сітуацыю і выдаленне з залы фотакарэспандэнтаў і прадстаўнікоў электронных СМІ («вы што, баіцеся прэсу і тэлебачання?»). Увогуле, адзіным аргументам міліцыі было тое, што расейцы знаходзяцца тут на законных падставах, паколькі на тэрыторыі РБ зарэгістраваныя. Зарэгістраваны і сам «Цэнтр здаровай моладзі». Аднак калі на іх сайце напісана, што ў Чэрнях з'явіўся наркалагічны дыспансер, дзе тады ліцэнзія, для атрымання якой патрабуецца наяўнасць пэўных сур'ёзных умоваў?

Было зразумела, што ў мясцовых ўладаў няма аргументаў.

Адзін з мясцовых жыхароў, пажылы мужчына, параўнаў сітуацыю з украінскай: «Там таксама стварылася сітуацыя, якая не была вырашана, і да чаго гэта прывяло. І вы не імкнецеся выправіць яе на карысць жыхароў».

У выніку старшыня сельвыканкама і начальнік раённай міліцыі паабяцалі, што да 23 лютага «наркаманы» павінны выселіцца, што і адбылося, да радасці мясцовых жыхароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?