Праца ахоплівае перыяд ад XV стагоддзя, калі Скідзель (горад у Гродзенскім раёне) упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых дакументах, да сярэдзіны ХХ стагоддзя.
У чым наватарства такой кнігі? У ракурсе, які выбралі аўтары.
На працягу апошніх стагоддзяў навукоўцы часцей за ўсё пісалі даследаванні, прысвечаныя палітычнай гісторыі.
Героямі такіх кніг станавіліся выбітныя дзяржаўныя дзеячы, палітыкі і палкаводцы. Інакш кажучы, вельмі вузкая эліта грамадства.
У 1970-я гады ў італьянскай гістарычнай навуцы ўзнік новы кірунак, які атрымаў назву мікрагісторыя. У адрозненне ад «вялікай» гісторыі яна разглядала малыя тэрыторыі і папуляцыі (мястэчка, вёску або нават асобную сям’ю).
Акцэнт рабіўся на паўсядзённым жыцці і ментальнасці асобнага чалавека.
За савецкім часам у Беларусі такі напрамак амаль не развіваўся.
Дзеля аб’ектыўнасці, кнігі пра невялікія гарады выходзілі. Але гаворка на іх старонках ішла пра ўсю тую ж палітычную гісторыю. Адной з першых ластавак стала кніга Мікалая Улашчыка «Была такая вёска», якая выйшла ў 1989 годзе, ужо пасля смерці яе аўтара. Яна была прысвечана Віцкаўшчыне, роднай вёсцы гісторыка, што на Койданаўшчыне.
Дзесяць год таму Сяргей Токць, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, напісаў даследаванне «Беларуская вёска на мяжы эпох». Гісторыя Скідзеля – праца, напісаная ў тым жа кірунку мікрагісторыі.
Толькі створана яна ў суаўтарстве. Першыя тры раздзелы — «Эпоха Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай», «У Расійскай імперыі» і «У міжваеннай польскай дзяржаве» — належаць Токцю. Раздзел «Край змагароў, край паэтаў» і падраздзел «Лёс прадпрымальнікаў Скідзельскіх» — Мікалаю Дзелянкоўскаму.
Кніга напісана на падставе архіўных дадзеных і таксама ўспамінаў, запісаных аўтарамі. Яна літаральна насычаная імёнамі звычайных людзей, пра якіх ніколі не пісалі ў падручніках і навуковых манаграфіях.
Напрыклад, перад чытачамі спіс гаспадароў вёсак Скідзельскай воласці ў 1679 годзе або габрэяў-рамеснікаў Скідзеля і членаў іх сям’і ў 1806 годзе.
Аўтары падрабязна расказваюць пра скідзельскае начальства. Так, старшынёй воласці ў 1890-1905 гадах з’яўляўся Мікалай Сыралевіч, які кіраваў вельмі дэспатычнымі метадамі.
Адзін з сялян, Георг Іванаў Чобат, скардзіўся, што Сыралевіч пасадзіў яго на двое сутак пад арышт без ежы і пітва. За гэты час яму далі «толькі бруднай вады з дзёгцем з глінянага чэрапа, дзе мыюць боты». Ад такой вады няшчасны селянін ледзь не атруціўся.
Выданне пабачыла свет ў выдавецтве «Тэхналогія». У прадмове аўтары абяцаюць працягнуць даследаванне і давесці выкладанне падзей да нашага часу.
На прэзентацыі кнігі гісторык Андрэй Кіштымаў адзначыў: «Скідзелю пашэнціла, што ў яго ёсць свае Герадоты».





