Для барацьбы з афрыканскай чумой свіней Літва пабудуе загароду на мяжы з Беларуссю.
Літоўскае Міністэрства сельскай гаспадаркі прыняло рашэнне выдзеліць сродкі для збудавання загароды ўздоўж літоўска-беларускай мяжы. «Яна будзе пабудавана ў раёнах, дзе з-за ўспышкі інфекцыі аб'яўлена надзвычайная сітуацыя», — паведаміў журналістам кіраўнік ведамства Вігіліюс Юкна.
На гэтыя мэты міністэрства выдзеліла 1,9 млн. літаў (600 тыс. еўра). Надзвычайная сітуацыя была аб'яўленая 24 студзеня ў шасці літоўскіх самакіраваннях у сувязі з зафіксаванымі выпадкамі заражэння АЧС у дзікай прыродзе. Загарода павінна не дапусціць міграцыі жывёл і пераносу захворвання.
Уся мяжа Літвы з Беларуссю складае 678 км. Вільня выказала жаданне пабудаваць загароду менавіта такой працягласці і запытала на гэта сродкі ў Брусэля.
«Літва з'яўляецца знешняй мяжой Еўрасаюза, таму ў дзейнасці захадаў зацікаўленая ўся Еўропа», — заявіў кіраўнік Ветэрынарна-харчовай службы Ёнас Мілюс.
Згодна з падлікамі літоўскага боку, праграма барацьбы ў Літве з АЧС, якая ўключае будаўніцтва на КПП ангараў для дэзінфекцыі транспарту, што накіроўваецца цераз мяжу, маніторынг, павелічэнне лабараторных магутнасцяў, абсталявання па ўтылізацыі здохлых жывёл, можа абысціся ў 20 млн. еўра.





