На думку эксперта, Пуцін сёння не здольны да дыялогу, а Захад і Расія скочваюцца ў новую халодную вайну, якая можа працягнуцца 10 гадоў.

— Прафесар Шнайдэр, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў дамову аб уключэнні Крыма і Севастопаля ў склад Расіі ў якасці новых суб'ектаў федэрацыі. Якое ўражанне зрабіла на вас яго прамова, што гэтаму папярэднічала?

— Я адзначыў, як часта ён спасылаўся на Захад, на ЗША. Для яго гэта відавочна мерка. Ён займаўся звычайным для яго падтасоўваннем фактаў. Пералічыў, што рабілі ЗША ў якіх краінах. Аргументацыя дзіўная. Калі ўжо ты ўпікаеш ЗША ў парушэннях міжнароднага права, то з гэтага не вынікае выснова: што ім дазволена, то нам ужо і пагатоў.

А потым ён пачаў выказваць разуменне і спачуванне Майдану. Выказаўся супраць, я б сказаў, рэжыму Януковіча, што наскрозь пракраўся, але ні словам не згадаў першапачатковы штуршок да з'яўлення Майдана — адмову Януковіча падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЕС. Пуцін не прывёў ніводнага доказу дрэннага абыходжання з расійцамі ў Крыме, што апраўдала б расійскае ўмяшанне. Ён наўпрост заявіў, што Расія будзе заўсёды абараняць інтарэсы расійцаў ва Украіне. Што ён меў на ўвазе? Пагрозу працягу інтэрвенцыі ва Усходняй Украіне?

— Але давайце паглядзім на саму працэдуру прыняцця рашэнняў. Спачатку Дума і Савет Федэрацыі павінныя зацвердзіць прыняцце Крыма ў склад Расіі. Але раптам Пуцін устае і кажа: «Я прэзідэнт, я прыняў рашэнне, я распараджаюся яго зацвердзіць». Гэта што за дэмакратыя?

— Па-першае, дзейная Канстытуцыя Расіі забараняе прымаць у склад Расіі рэгіёны, размешчаныя ў межах іншай дзяржавы. Гэта значыць, урад Украіны, Вярхоўная рада павінныя даць згоду. Кіеў, натуральна, такой згоды не даваў. Так што яны падрыхтавалі праект закона і нават прадставілі яго Венецыянскай камісіі. Камісія яго адпрэчыла. Тады яго зацвердзілі ў аўральным парадку.

— Прэзідэнт ЗША Абама і канцлер Германіі Меркель без канца назвоньваюць Пуціну. Ніякія аргументы на яго, мяркуючы па ўсім, не дзейнічаюць. Наадварот, ён сябе пазіцыянуе як абаронца дэмакратыі ад двудушнасці Захаду, што робіць стаўку на грубую сілу. Што такая пазіцыя абяцае нам у будучыні?

— Я асабіста лічу, што Пуцін у дадзены момант не здольны да дыялогу. Усе гэтыя званкі яму нічога не дадуць. Андрэй Іларыёнаў, па-мойму, мае рацыю, калі кажа, што Пуцін у дадзены момант абсалютна глухі. У яго гістарычная місія: збіранне земляў савецкіх. У Ангелы Меркель жа таксама склалася ўражанне, што Пуцін адарваны ад рэальнасці.

— Расійская прапаганда паказвае дзеянні Расіі ў Крыме як перамогу над украінскімі нацыяналістамі і фашыстамі. Пераходнага ўрада ў Кіеве Масква не прызнае. Пуцін у сваёй прамове казаў пра антысемітаў і нацыстаў, якіх курыруе Захад. Наколькі небяспечная такая слоўная эскалацыя?

— Я ўжо чуць усё гэта не магу. На гэтым пабудаваная ўся расійская прапаганда.

Глядзіце, «Правы сектар» ва Украіне — гэта 0,2%, Усеўкраінскае аб'яднанне «Свабода» — ад сілы 2%. І нават ад антысеміцкіх выказванняў некаторых асобаў «Свабода» даўно адхрысцілася. Тут расійскія СМІ выбудоўваюць вобраз ворага. Але я хацеў бы закрануць яшчэ адзін важны момант. Калі б для Пуціна гаворка ішла толькі пра Крым, можна было б абгаварыць праблемы з урадам у Кіеве. Можна было правесці рэферэндум месяцы праз два, каб была сумленная перадвыбарная барацьба. Нельга ж ладзіць рэферэндум пад аўтаматамі. Усё можна было абсталяваць інакш. Але не, Пуціна цікавіў не столькі Крым. Ён хацеў паказаць кулак Захаду. Ён успрыняў перамогу Майдана і звяржэнне Януковіча як асабістую абразу.

Цалкам магчыма, што жыхары Крыма і ў нармальных умовах выказаліся б на карысць Расіі. Але Пуцін — гэта я пачуў у яго прамове — адчувае сябе асабіста прыніжаным: маўляў, вы на Захадзе мяне ўсур'ёз не ўспрымаеце, вы робіце што хочаце.

— Анексія Крыма, прапаганда на дзяржаўным тэлебачанні, кулак Захаду — усім гэтым Пуцін падняў хвалю ўра-патрыятычных настрояў у самой Расіі. Ці атрымаецца яе пагасіць? Або патрэбныя новыя крокі, каб рэйтынг Пуціна не падаў? Хто наступны — Усходняя і Паўднёвая Украіна, Усходні і Паўночны Казахстан?

— Не толькі гэта. Пуціну відавочна патрэбен вобраз ворага праз унутраныя праблемы ў Расіі. Эканамічны рост у найбліжэйшыя гады складзе, паводле прагнозаў, ад 1,6 да 2,1%. А каб фінансаваць праграму ўзбраенняў, патрэбна мінімум 6-7%. Па сучасных тэхналогіях Кітай даўно абагнаў Расію.

Пуціну патрэбен вобраз ворага, каб тлумачыць насельніцтву: гэта ўсё санкцыі Захаду, я нічога не магу зрабіць.

Насамрэч сітуацыя такая, як у часы халоднай вайны. Дзе наступны этап? Я б сказаў, далучэнне Паўднёвай Асеціі. Следам — Абхазія. Потым — Прыднястроўе. Самы пякучае пытанне — што стане з Усходняй Украінай.

— Прафесар Шнайдэр, вы ўжо адказалі на гэтае пытанне. Тым не менш — нам толькі пагражае новая халодная вайна ці яна ўжо пачалася?

— Я лічу, што мы ў яе скочваемся. І прадоўжыцца яна можа 10 гадоў, пакуль Пуцін застанецца на пасадзе прэзідэнта. Ён не здольны да дыялогу. Мне здаецца, ён нават гатовы мірыцца з тым, што яго курс наносіць шкоду самой Расіі. Яму ўсё роўна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?