«Мы ішлі з сябрамі на прыпынак. І метраў за сто да яго ўбачылі белы «Крайслер», які на вялікай хуткасці наляцеў на «ляжачага паліцэйскага» — хуткасці нават не збавіў, здавалася, нават дадаў. Я ўбачыў, як машына стукнулася ў слуп, а затым толькі ў прыпынак, а з прыпынка — у шапік. Калі мы падбеглі, каля слупа ляжаў чалавек з разбітай галавой — труп…

— расказаў відавочца Арцём. — Затым я падбег да машыны, унутры ўжо нікога не было. Кіроўца стаяў побач — я нават не зразумеў адразу, што ён кіроўца — ніякіх пашкоджанняў не было, на твары толькі пару драпін. Убачыў яшчэ пару хлопцаў, якія ляжалі. У аднаго на палову нага і рука знаходзіліся пад машынай. Мы яго выцягнулі, але ногі былі раструшчаны — я ўзяўся, а там і нагі фактычна не было. Хацелі падняць, але ўжо дачакаліся «хуткую», якая прыехала праз пару хвілін. А другі хлопец папрасіў не чапаць, бо яму больна.

Я б не сказаў, што кіроўца быў п’яным. Нават калі так, пасля такой аварыі адразу ж працверазеў. Ён стаяў і не ведаў што рабіць, быў разгублены. Ужо пасля, калі мы насілі людзей, я ўбачыў, што кіроўца з кімсьці біўся.

Машына была моцна разбітая. Я паглядзеў, там спрацавалі тры падушкі бяспекі. Пасля ўдару, я не разглядзеў, дзверцы альбо капот адарвала, на колах дыскі паадляталі. Як яна толькі не загарэлася? Пах чагосьці палёнага быў у паветры. Машына новая, на транзітных нумарах. Магчыма, толькі купілі і вырашылі праехацца».

Наезд на пешаходаў адбыўся позна вечарам — каля 23.00 — 19 сакавіка на вуліцы Савецкай у Рэчыцы.

Як паведамляе партал tut.by, «Крайслер-Пасіфіка» ехаў па вуліцы Савецкай з боку Камсамольскай у кірунку Фрунзэ. Кіроўца няправільна выбраў хуткасць руху, не даў рады кіраванню, аўтамабіль выехаў на тратуар і ўрэзаўся ў пешаходаў, якія знаходзіліся каля прыпыначнага пункта.

Загінулі трое мужчын, пакуль устаноўлена асоба толькі аднаго з іх — яму было 26 гадоў. Атрымалі траўмы і шпіталізаваны двое маладых людзей — 19 — і 20-гадовыя хлопцы.

Як мяркуецца, кіроўца «Крайслера» знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

У рэгіянальным паблік «Укантакце» жыхары Рэчыцы абмяркоўваюць, што кіроўца і пасажыры «спрабавалі збегчы з месца ДТЗ, затрыманыя».

«Кіроўца і пасажыры аўто былі ў стане алкагольнага ап'янення. Аўтамабіль рухаўся па Савецкай з хуткасцю 170—180 км/г! Збіў людзей на пешаходным пераходзе перад прыпынкам! Заляцеў на тратуар, знёс прыпынак, на якім знаходзіліся людзі і зрэзаў палову кіёска!»

Як паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці, заведзена крымінальная справа за парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць трох чалавек. Падазраваны — жыхар Рэчыцы, 1986 года нараджэння.

«Кіроўца аўтамабіля і двое яго пасажыраў дзякуючы актыўнай грамадзянскай пазіцыі відавочцаў былі затрыманыя і накіраваныя на медыцынскае абследаванне. Па папярэднім заключэнні экспертаў усе трое знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення»,

— паведаміла прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Кіроўца знаходзіцца ў ізалятары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?