Лёс воўка, знойдзенага ў прыватным сектары ў раёне Сухарава, вырашылі сталічныя эколагі. Вердыкт вынесены: драпежнік застанецца ў ранейшага ўладальніка.
Як паведаміў начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Козак, уладальнік воўка цяпер павінен клапаціцца, каб утрымліваць гадаванца ў належных умовах.
Раней драпежнік утрымліваўся ў неналежных умовах: сядзеў на ланцугу, як звычайны дваровы сабака. Уладальнік таксама не паклапаціўся пра тое, каб зрабіць для яго вальер і нармальную будку.
Таму на яго наклалі штраф 1,3 млн рублёў.
Уладальнік воўка з усімі прэтэнзіямі пагадзіўся. Віну сваю прызнаў і паабяцаў, што на працягу двух тыдняў пабудуе для гадаванца вальер і прасторную будку. На наваселле абавязкова запросіць эколагаў.
Па словах М.Козака, трымаць у няволі дзікіх звяроў дазваляецца. Пры жаданні мінчане могуць пасяліць побач з сабой янота або лісу.
Але ў такім выпадку прыйдзецца паклапаціцца аб выкананні прыродаахоўнага заканадаўства. Воўку, да прыкладу, трэба будзе выдзеліць, 20 квадратных метраў тэрыторыі, каб ён пачуваўся больш свабодна.