Дэмакратычныя сілы Беларусі прынялі заяву пра расійска-ўкраінскі канфлікт. Яны рашуча выступаюць за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і асуджаюць расійскае ваеннае ўмяшанне ў Крыме.

Таксама дэмсілы заяўляюць пра недапушчальнасць уцягвання нашай краіны ў расійска-ўкраінскі канфлікт. Дакумент падпісалі Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кампанія«Гавары праўду», рух «За Свабоду», Партыя БНФ.

«Украінскі народ справядліва падняўся супраць сістэмы татальнай карупцыі, поўнай непадкантрольнасці чыноўнікаў і бяздарнай эканамічнай палітыкі ўрада збеглага з краіны прэзідэнта Віктара Януковіча і адхіліў ад улады кіраўнікоў, якія шмат кралі і шмат хлусілі, — цытуе заяву БелаПАН. — Аднак цяпер мы з'яўляемся сведкамі новага этапу барацьбы ўкраінскай нацыі за права быць свабоднай і самастойна вырашаць свой лёс. Грэбуючы нормамі Хельсінкскага акта пра непарушнасць паваенных межаў у Еўропе і Будапешцкага мемарандума, што гарантуе тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, якая добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі распальвае сепаратысцкія настроі ў паўднёва-ўсходніх абласцях Украіны і з выкарыстаннем ваеннай сілы фактычна анексавала Крым».

У дэмакратычных сіл Беларусі выклікае «сур'ёзную заклапочанасць» той факт, што ў канфлікт можа быць уцягнутая Беларусь. 

«Размяшчэнне на тэрыторыі нашай краіны дадатковага кантынгенту Узброеных сіл РФ недвухсэнсоўна сведчыць пра наяўнасць такой пагрозы», — падкрэсліваюць аўтары заявы.

«З сітуацыі, што склалася ва Украіне, палітычным і эканамічным элітам, усім грамадзянам Беларусі неабходна зрабіць высновы, якія маюць сур'ёзнае значэнне для далейшага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, умацавання яе суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі. Украінскія ўрокі павінны быць выкарыстаныя беларускім грамадствам з карысцю для Беларусі», — адзначаецца ў заяве.

Дэмакратычныя сілы лічаць, што Беларусі патрэбныя:

  •  кансалідацыя нацыі, спыненне падзялення беларускіх грамадзян, палітычных партый і грамадскіх арганізацый, СМІ на «сваіх» і «чужых», «чэсных» і «нячэсных»;
  • нармалізацыя адносін з краінамі Еўрапейскага саюза і ЗША, уключаючы шырокую эканамічную інтэграцыю, паступовае спрашчэнне і адмену візавага рэжыму з краінамі ЕС;
  •  тэрміновае вызваленне палітвязняў, забеспячэнне палітычных правоў і свабод грамадзян;
  •  правядзенне эканамічных рэформ, якія гарантуюць празрыстыя і роўныя ўмовы дзейнасці ўсіх гаспадарчых суб'ектаў, развіццё прадпрымальніцкай актыўнасці грамадзян, зніжэнне падатковай нагрузкі і неапраўданага адміністратыўнага ўмяшання, стварэнне прывабнага інвестыцыйнага клімату;
  •  аднаўленне празрыстасці і справядлівасці выбарчых працэдур, пераход да выбарнасці кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады усім насельніцтвам адпаведнай тэрыторыі;
  •  забеспячэнне залежнасці ўлады ад народа, падкантрольнасці і пададказнасці чыноўнікаў і дэпутатаў розных узроўняў грамадзянам;
  •  рэальнае забеспячэнне канстытуцыйнага статусу Беларусі як нейтральнай дзяржавы, якая не мае на сваёй тэрыторыі ядзернай зброі, замежных ваенных аб'ектаў і не накіроўвае сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях за межамі краіны.

Аўтары дакумента адзначаюць, што ён адкрыты для падпісання ўсімі жадаючымі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?