Супрацоўнікам незалежнай газэты «Народная воля» каля трох тыдняў ня ставяць гэтак званы дазвольны штамп для выезду за мяжу. У аддзеле па грамадзянству і міграцыі затрымку тлумачаць тым, што дакумэнты работнікаў гэтага выданьня пільна правяраюць у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі.

Намесьніца рэдактара незалежнай газэты «Народная воля» Марына Коктыш і загадчыца рэдакцыі Настасься Анішчанка некалькі тыдняў таму падалі дакумэнты дзеля падаўжэньня штампу для выезда за мяжу ў аддзелы па грамадзянстве і міграцыі сваіх раёнаў. Абедзьве заплацілі па 12 з паловай тысячаў рублёў за хуткасьць, што прадугледжвае афармленьне дакумэнтаў цягам сямі працоўных дзён. Аднак у вызначаны тэрмін яны не атрымалі сваіх пашпартоў, расказвае Марына Коктыш.

«Галоўная прэтэнзія да мяне была — ня тое месца працы»

«Мне сказалі, што гэты штамп мне яшчэ не паставілі. На маё пытаньне чаму, супрацоўніца аддзелу паведаміла, што мае дакумэнты знаходзяцца ў кампэтэнтных органах — у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі.

Я папрасіла, каб мне далі кнігу скаргаў, дзе напісала, што рэгулярна плачу падаткі і не знаходжуся ў рэспубліканскім і міжнародным вышуку. Галоўная прэтэнзія з боку пашпартнага стала да мяне была — ня тое месца працы. Але «Народная воля» зарэгістраваная, распаўсюджваецца па тэрыторыі ўсёй краіны.

І я параіла кіраўніцтву пашпартнага стала Маскоўскага раёну побач з вытрымкамі з розных заканадаўчых актаў вывесіць сьпіс арганізацый, супрацоўнікам якіх ня варта зьвяртацца з просьбамі аб падаўжэньні штампу аб выезьдзе за мяжу ў тэрміновым парадку, бо іх будуць пільна правяраць. Мне сказалі, што такі сьпіс вывесіць ня могуць, бо гэта незаконна», — расказвае Марына Коктыш.

Вярнуць заплачаныя за тэрміновасьць грошы, Марыне Коктыш таксама ня могуць, паколькі ў яе цяпер няма пашпарту.

«Ідзе ціск на канкрэтнае выданьне, на канкрэтных журналістаў»

Прэсавая сакратарка міністэрства ўнутраных спарваў Кацярына Самусенкава‑Шэлегава параіла Радыё Свабода зьвяртацца ў КДБ па тлумачэньні наконт гэтай сытуацыі. І вось што сказаў прэсавы сакратар Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валеры Надтачаеў.

«Гэтым займаюцца АВІРы. Зьвяртайцеся туды. Ня ведаю, чаму Вы з гэтым пытаньнем у КДБ зьвяртаецеся».

У Першамайскім аддзеле па грамадзянству і міграцыі на просьбу Радыё Свабода патлумачыць, чаму так доўга афармляюцца дакумэнты Настасьсі Анішчанкі, найперш зацікавіліся яе месцам працы.

«А дзе яна працуе?»

Соўсь: «Газэта «Народная воля».

Супрацоўніца: «Гэта не ад нас залежыць. Мы адпраўляем на камісію, якая разглядае».

Соўсь: «Што гэта за камісія?»

Супрацоўніца: «Гэтага я Вам сказаць не магу».

Соўсь: «Вядомы тэрмін, калі яна можа атрымаць пашпарт?»

Супрацоўніца: «Да месяца мы афармляем дакумэнты».

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец зьвяртае ўвагу на тое, што Канстытуцыйны суд увогуле прыняў рашэньне аб адмене дазвольнага штампу. Абяцана, што гэта адбудзецца ў 2008 годзе.

«Гэты штамп паводле закону павінен выстаўляць быццам бы нейкую мяжу для ад’езду за мяжу тых, хто мае запазычанасьць перад бюджэтам, хто мае адносіны да дзяржаўных таямніцаў. Мы зноў бачым, што ідзе ціск на канкрэтнае выданьне, на канкрэтных журналістаў, на носьбітаў канкрэтнай думкі».

А гэта супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, лічыць Андрэй Бастунец.

Ганна Соўсь, Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0