Белстат апублікаваў статыстычны агляд да Сусветнага дня тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка.
Агульная сітуацыя ў параўнанні з папярэднімі гадамі не змянілася.
На канец 2013 года ў Беларусі дзейнічала 28 прафесійных тэатраў.
Цягам 2013 года яны паказалі 8,6 тыс. спектакляў, канцэртаў, творчых вечароў (амаль трэцяя частка з якіх – у Мінску).
Усяго ў рэпертуары тэатраў летась знаходзілася 940 спектакляў. З іх 257 пастаўленыя па-беларуску,
340 належаць беларускім аўтарам (частка сучасных аўтараў пішуць па-руску). Што тычыцца прэм’ер, дык са 133 новых пастановак п'есы беларускіх творцаў склалі больш за чвэрць.
Агульная колькасць гледачоў, якія летась наведалі беларускія тэатры склала 1,9 млн. гледачоў. Амаль палова з іх – гледачы сталічных тэатраў.
Статыстыка вызначыла тройку найбольш наведвальных калектываў. Гэта сталічныя Оперны (13% гледачоў), Музычны (8,9 %) і Рускі тэатры (6%). Праўда, іх лідарства можа быць патлумачана памерам глядзельнай залы.





