Пракурор паўднёвага італьянскага гораду Катандзара перадаў справу пра гэтак званую масонскую лёжу Сан-Марына ў Рым, паведамілі ў сераду італьянскія СМІ.
Паводле зьвестак сьледзтва, лёжа Сан-Марына ўяўляе сабой уплывовае лобі, якое ажыцьцяўляе ўплыў на рашэньні дзяржаўных органаў кіраваньня пры разьмеркаваньні аб'ёмаў фінансаваньня і атрыманьні падрадаў. Цягам некалькіх месяцаў вядзецца сьледзтва ў дачыненьні да меркаванага «камітэту», што дзейнічае між Брусэлем і Сан-Марына, які ўзбагаціўся за кошт незаконнага фінансаваньня з боку Эўрасаюзу.
Па гэтай справе праходзяць некаторыя значныя італьянскія палітыкі, у тым ліку прэм'ер-міністар левага ўраду краіны Рамана Продзі і міністар юстыцыі Клемэнта Мастэля.
Продзі доўгі час кіраваў Эўракамісіяй і вядомы сваімі цеснымі кантактамі з Расеяй.
Пасьля перадачы гэтай справы ў Рым сталічныя сьледчыя будуць высьвятляць, ці зьдзейсьнілі Продзі і Мастэля меркаваныя злачынствы, калі ўжо былі на дзяржаўнай службе, ці гэта было яшчэ да іхнага ўступленьня на пасаду.





