У Беларусі распачаты 65 крымінальных спраў па фактах непрыбыцця да месца размеркавання выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў 2006 года.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 25 кастрычніка ў Мінску паведаміў начальнік упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Юрый Міксюк. Такія крымінальныя справы, паводле яго слоў, распачаты таксама ў дачыненні да 34 выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Нагадаем, згодна з беларускім заканадаўствам, выпускнікі ВНУ і ССНУ, якія атрымалі адукацыю на дзённай форме навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і былі накіраваны на працу па размеркаванні, абавязаны адпрацаваць па размеркаванні два гады (выпускнікі прафтэхвучылішчаў — год). У іншым выпадку яны павінны кампенсаваць дзяржаве сродкі, затрачаныя на навучання. Кантроль за яўкай маладога спецыяліста ажыццяўляе ВНУ, у якой ён вучыўся. У выпадку няяўкі ВНУ павінна папярэдзіць выпускніка аб неабходнасці выйсці на працу або на працягу паўгода кампенсаваць кошт навучання. Калі на працягу гэтага часу малады спецыяліст не выканае патрабаванні, ВНУ мае права звярнуцца ў суд з іскавай заявай. Суму, якую павінен кампенсаваць выпускнік, разлічваюць спецыяльныя камісіі, што дзейнічаюць у кожнай навучальнай установе.

Як паведаміў Ю.Міксюк, затраты на навучанне ўжо кампенсавалі 16 выпускнікоў ВНУ і сем — ССНУ. Што тычыцца размеркавання гэтага года, то, паводле слоў спецыяліста, абавязковаму размеркаванню падлягалі прыкладна 22 тыс. з 70 тыс. выпускнікоў ВНУ. Прыблізна 6% з іх атрымалі права на свабоднае працаўладкаванне — гэта інваліды, дзеці інвалідаў, а таксама выпускнікі, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, і некаторыя іншыя катэгорыі.

Паводле слоў Ю.Міксюка, прыкладна 4% выпускнікоў не прыбылі на першае працоўнае месца. У многіх выпадках, зазначыў ён, гэта звязана з уважлівымі прычынамі (паступленне ў аспірантуру, прызыў у армію і г.д.).

Начальнік упраўлення таксама паведаміў, што сёлета па ўласным жаданні былі размеркаваныя 12,5% маладых спецыялістаў, якія вучыліся на платнай аснове.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0