НАПЯРЭДАДНІ
- (замест прадмовы)
- Вытыркаюцца вежы, нібы цьвікі
З адваротнага боку тонкае дошкі.
Хутка я зразумею, хто ты такі.
Засталося трошкі.
- На зьмярканьні крыж узьнёсься ўгару
З надзіманым звонам спадніцы.
Ты зрабіў са мной гэта, і, калі не памру,
Абавязаны ажаніцца.
1. ВЕТЛІВАЯ
- Прывітаньне, мама!
Вось якая ты!
Ты, як я, таксама
Геній пекнаты!
- Сьвет такі вялікі…
Свой — або чужы?
Нехта цягне рукі…
Ой, дапамажы!..
- Я ў сваёй задачцы
Выйшла з кропкі А.
Прывітаньне, мама!
Дай мне малачка!
2. ПАРТЫЗАН
- Я не хацеў выходзіць вонкі:
Я патрыёт сваёй старонкі.
І я падумаў: уцяку,
Хоць у кішку, хоць у руку.
Сябе прыклею, прывяжу,
Але — ні кроку за мяжу!
Мяне выкурвалі, як ліса,
Мяне круцілі — ледзь адбіўся,
Мяне, як джына закліналі,
І выціскалі, і піналі…
І вось яно — сьвятло ў танэлі…
Перамаглі! — каб вы згарэлі…
3. РАКЕТА
- Я так сюды ляцела,
Што абганяла час!
Дашчэнту прапацела,
Раструшчыла абцас…
Ці жарты — зь іншасьвету!
Аж сьвіснула ўвушшу!
Я па жыцьці ракета —
І гэта дакажу!
4. СЬНЯГУРАЧКА
- Цёця! Цёця! Цёця!
Знайдзі мяне пад сьнегам!
Дзядзя! Дзядзя!
Машына! Машына!
Я жыла на зорцы —
І нарадзілася ў сьнег.
Верыш? — я не растану ўвесну:
У мяне гарачая кроў,
І я ўмею любіць.
5 і 6. ДВОЕ
- Дзьве нагі і дзьве нагі…
Хто з нас першы, хто другі?
- Па сакрэце…
(ціха! фельчар!)…
Шшшш…
ДРУГІ
ПАЛЕЗЕ
ПЕРШЫМ!
7. ДЫСЫДЭНТ
- Мэдсястра, са звышгрэблівай мінай:
«Посмотри, он ещё и сцыт!»
І скруцілі мне рукі за сьпінай,
А вочы апёк альбуцыд.
8. Кесару - КЕСАРАВА
- Опа! А я ўжо тут!
Сустракаюць афіцыйныя асобы.
А я нават не сабраў рэчы.
Я магу па іх вярнуцца?
А‑а, вось і яны! Дзякуй!
Гэта што?
Навошта гэтая гума?
Не, дзякуй, я не галодны.
Стоп‑стоп‑стоп.
Чаму вы мяне скручваеце?
Чаму спаць?
Я не хачу спаць!
Што вы робіце?
Гэта гвалт!
Паклічце майго адваката!..
9. ЦЯЖКІ
- Яны хацелі пачуць, як я плачу,
Яны хацелі пабачыць, як я жыву.
І, каб вырашыць гэтую задачу,
Доўга ламалі галаву
Мне. Абцугамі.
І косткі — маме.
Мая добрая, мая белая мама
Амаль нежывая ляжыць.
Ня бойся: я важу 5 кіляграмаў!
Я заплачу. І мы будзем жыць.
10. ВЫДАТНІЦА
- Мне адразу паставілі 10 па АПГАР.
Я прыйшла з усьмешкай на твары,
Павіталася з дактарамі і сёстрамі
(Некаторыя страцілі прытомнасьць),
Паціснула руку маме,
Выпіла шампанскага з татам.
І першае, што мне зрабілі, —
Гэта вырвалі першародныя зубы.





