Амаль па О’Генры атрымалася здарэнне ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці. У мясцовым РАУС прагучаў тэлефонны званок невядомага, які папрасіў: «Забярыце мяне — я абрабаваў краму. Чакаю на прыпынку ў вёсцы Германавічы».

Здзіўленыя міліцыянты на ўсялякі выпадак выехалі. На прыпынку ўбачылі чалавека, які пацвердзіў, што ён узламаў прадуктовы склеп і скраў некалькі скрыняў віна, каўбасу і цыгарэты. Усім гэтым злодзей гасцінна пачаставаў мясцовых жыхароў. Падчас балявання ён паўтараў, што яму ўсё роўна.

Як высветлілася ў пастарунку, Аляксандру Пяньку няма дзе жыць ды працаваць, і небарака вырашыў лепей сесці за краты, чым загінуць у блізкія маразы. Разам з Пяньком затрымалі яшчэ двух месцічаў: Аляксея А., у якога узломшчык пазычыў на справу лом, ды Аляксандра К., якога міліцыянты падазраюць у дапамозе злачынцу. Першы атрымаў трое сутак, на другога можа быць заведзеная крымінальная справа.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0