![]() Пагада Шведагон |
Узброеныя жаўнеры атачылі пагады Шведагон і Суле, ля якіх праходзілі верасьнёвыя дэманстрацыі. Узмацненьне рэжыму супала з завяршэньнем будыйскага посту, і, як мяркуюць, скіравана на прадухіленьне новых акцый пратэсту.
Як паведамляе агенцтва Reuters, войскі трымаюць напагатове шпулі з калючым дротам, каб перакрыць вуліцы ў выпадку пачатку дэманстрацый.
Тым часам, на вуліцах пакуль няма ніякіх прыкметаў масавых акцый. Разам з тым у Янгоне нямала паломнікаў.
Жаўнеры выйшлі на вуліцы найбуйнейшага гораду М’янмы на наступны дзень пасьля сустрэчы лідэра апазыцыі Аунг Сан Су Джы з прадстаўніком ваеннага кіраўніцтва краіны генэралам Аунг Джы.
Аун Чы быў прызначаны на гэтую пасаду ў пачатку месяца, пасьля таго, як пасланьнік ААН Ібрагім Гамбары дабіўся арганізацыі дыялёгу між прадстаўнікамі хунты і апазыцыі.
Вестка пра гэту сустрэчы, падрабязнасьці якой невядомыя, была з радасьцю сустрэта жыхарамі краіны.
«Мы сапраўды натхнёныя гэтай навіной», — сказаў уладальнік чайнай лаўкі карэспандэнту Reuters. ‑‑ Я спадзяюся, што гэта пачатак пераменаў».
Усе папярэднія спробы наладзіць дыялёг паміж ваеннымі і апазыцыяй ні да чога не прывялі.
У мінулым месяцы войскі ўжылі сілу для задушэньня антыўрадавых дэманстрацый, якія працягваліся некалькі дзён. Паводле кіраўніцтва М’янмы, тады загінулі 10 чалавек. Аднак правабаронцы і дыпляматы схільныя лічыць, што гэта лічба істотна заніжана.
Па некаторых ацэнках сотні чалавек яшчэ знаходзяцца ў турмах.





