Аднаго з лідэраў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Артура Фінькевіча, які адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Магілёве, змясцілі ў магілёўскі следчы ізалятар. Пра гэта БелаПАН паведаміў палітык Павел Севярынец.

Паводле яго інфармацыі, у дачыненні да А.Фінькевіча распачата справа на падставе артыкула 415 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да трох гадоў.

"Фінькевіч лічыцца злосным парушальнікам рэжыму. Прычым усе заўвагі былі вынесены яму за дробныя правіннасці і вельмі прадузята. Прыкладна 30 кастрычніка над Артурам плануецца суд, і ён наогул можа трапіць з "хіміі" ў калонію", — лічыць П.Севярынец.

Паводле слоў палітыка, гэтыя дзеянні ў адносінах да Фінькевіча "вельмі нагадваюць спланаваную кампанію па ліквідацыі маладзёжнага дэмакратычнага руху і ціску на тых, хто называе сябе актывістамі незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт".

"Учора да нашых актывістак у Магілёве і Пінску прыходзілі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. Нядаўна ў суд перададзена другая крымінальная справа ў дачыненні да Дзмітрыя Дашкевіча. Цяпер — Фінькевіч. Прэсінг ідзе з усіх бакоў", — зазначае П.Севярынец.

Як сказаў палітык, паплечнікі асуджаных маладых людзей рыхтуюць спецыяльную прэс‑канферэнцыю, прысвечаную становішчу сваіх таварышаў. Плануецца, што яна пройдзе 29 кастрычніка.

Нагадаем, 10 мая 2006 года судом Першамайскага раёна Мінска А.Фінькевіч быў прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі. Суд палічыў яго вінаватым у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). А.Фінькевіча затрымалі ў Мінску ноччу 30 студзеня за нанясенне на сцяну надпісу "Мы хочам новага!". 7 чэрвеня яму было адмоўлена ва ўмоўна‑датэрміновым вызваленні.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0