Карэспандэнтка газэты «Вечерний Гродно» высьветліла, колькі каштуюць паслугі ў гарадзенскіх цэрквах.

Нядаўна сяброўка Вольга папрасіла мяне стаць хроснай маці яе дачушкі. Пра падрабязнасьці вырашыла даведацца ў Пакроўскім саборы. Вялікім адкрыцьцём для мяне стаў кошт рытуалу — 70 тыс. руб. Да месца прыгадаўся ліст, што прыйшоў у рэдакцыю ў марозны студзеньскі дзень мінулага году. Жанчына напісала пра тое, як засталася на парозе з унукам: ёй адмовілі ў хрышчэньні з‑за таго, што ў яе не было грошай.

У часе чаканьня сьвятара да царквы пад’ехаў «разьвітальны картэж». Працэсія схавалася ў храме, за адпяваньне трэба заплаціць 85 тыс. Астатнія адправы таксама дарагія: вянчаньне — 95 тыс., малітва за здароўе — 25 тыс., паніхіда — 20 тыс. руб.

…Як парафіянку, мяне зацікавіла, ці можна выйсьці за рамкі прэйскуранту і хрысьціць дзіця бясплатна. З размовы з айцом Аляксандрам (Хомбакам), які служыць у Пакроўскім саборы, высьветлілася: нягледзячы на тое, што аплата лічыцца ахвяраваньнем, каб зьдзейсьніць рытуал бясплатна, патрэбна напісаць заяву.

«Вам трэба скласьці прашэньне і патлумачыць, чаму ня можаце аплаціць хрышчэньне, затым зацьвердзіць яго ў настаяцеля сабору. Гэта неабходна для таго, каб рэгуляваць пытаньні з падатковай інспэкцыяй, — патлумачыў а. Аляксандар.

У часе гэтай размовы а. Аляксандар, круцячы ў руках ключ ад аўто, тройчы падкрэсьліў, каб я не саромелася свайго цяжкага фінансавага становішча.

Па словах намесьніка начальніка ўпраўленьня па падаткаабкладаньні арганізацыяў інспэкцыі МПЗ Валянціны Няўгень, царква кваліфікуе плату за рытуальныя паслугі як ахвяраваньне, што паводле падатковага заканадаўства падаткам не абкладваецца. Да ўсяго два гады таму для служкаў культу адмянілі падатак на зямлю.

Каб усё ж разабрацца, мы зьвярнуліся да настаяцеля Ўладзімерскай царквы а. Аляксандра (Вялісейчыка). Высьветлілася, што сумы фармуюцца таксама з улікам расцэнак на будматэрыялы.

ВГ: А. Аляксандар, не здаецца вам, што цана за царкоўныя таемствы перабольшаная, і якім чынам яна фармуецца?

а. Аляксандар: Сёньня трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю побач з Пакроўскім саборам: усталяваць плот і асьвятленьне — гэта 500 млн руб. Толькі праектна‑каштарысная дакумэнтацыя на рэканструкцыю епархіянага будынку на вуліцы Горкага каштуе 349 млн руб. Каб скончыць пабудову новага храму ў мікрараёне Вішнявец, трэба $290 тыс. А дорага толькі для тых, хто наведвае царкву «ад нябожчыка да нябожчыка».

ВГ: Ці карэктна пісаць суму ахвяраваньняў на адправы, бо першае, што сустракае чалавека ля ўваходу ў царкву, — гэта прэйскурант?

а.А.: Мы жывем у зямным сьвеце, дзе ёсьць шпаклёўшчыкі, маляры… 300 тысяч рублёў штомесяц плацім за ахову манастыра. Да таго ж трэба грошы на заробак, на палату працы іканапісцаў. Па гэтаму нагадваем людзям, што ахвяра памерам павінна быць каштоўная, а ня рэштай з гастраному… Увогуле, я бы увёў «дзесяціну», як гэта было раней: дзесяць адсоткаў ад заробку — у царкву.

ВГ: Cьвечы каштуюць ад тысячы да пяці, ці не за шмат?

а.А.: Што цяпер можна купіць за тысячу рублёў? Нават плітку не купіш.

Разам з тым настаяцель Уладзімерскай царквы не агучыў, колькі ў год ахвяруецца на царкву, памер заробку служкі культу таксама застаўся таямніцай.

Не сакрэт, што асноўны прыбытак цэркваў фармуецца з ахвяраваньняў пэнсіянэрак, якія часьцей за ўсё пакідаюць там амаль усю пэнсію: то на сьвечку, то за «цыдулку». Яны прызнаюць, што паслугі дарагія, але не бяруцца гэта асуджаць.

«Служыць прыйшло маладое пакаленьне: яны хочуць, як і іх аднагодкі, езьдзіць на прыгожых аўто, мець кампутар, дом. Добра гэта ці дрэнна, ня нам вырашаць. У кожнага свая дарога да Бога, і кожны самастойна адкажа перад ім за свае грахі», — кажа парафіянка Тацяна Лянкевіч.

Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што ў праваслаўі ўсё па‑рознаму. У Беларусі чым далей прыход ад вялікага гораду, тым ніжэй расцэнкі. Хоць ахвяравальныя сборы ў Расеі існуюць дагэтуль, Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Алексій II выказваецца наконт іх крайне нэгатыўна:

«Мы вымушаныя даводзіць фінансавым арганізацыям, што гэта ахвяраваньне, але калі на скрыні са сьвечкамі напісаны велізарнымі літарамі іх кошт, нам будзе складана давесьці, што гэта ахвяраваньне… Царква — гэта ня сфэра здабываньня грошай, матэрыяльных благаў і ўзнагародаў. Тыя нешматлікія манастыры, што забаранілі, толькі выйгралі ў вачах парафіянаў. Няўжо трэба вучыцца ў сэктантаў, што кожнага, хто прыходзіць да іх, сустракаюць з любоўю?»

Сваё меркаваньне мы папрасілі выказаць прадстаўнікоў каталіцкай і лютэранскай канфэсіяў. Да слова, у апошніх сумы не агаворваюцца, а абрады зьдзяйсьняюцца за «колькі зможаш заплаціць».

А. Антоні (Грэмза), каталіцкі сьвятар: «Цэны лепш за ўсё не вывешваць, бо можа скласьціся ўражаньне, што чалавек купляе ласку Божую, а яна не прадаецца. У пісаньні пазначана, што платай сьвятару можа быць «удовін грош». Гэта пытаньне самасьвядомасьці вернікаў.

А. Дзьмітры, лютэранскі сьвятар: «Людзі часьцей ня плацяць сьвятару, пасьля хрышчэньня, на прыклад, для грамады родныя набываюць торт. Мы з жонкай самыя нядаўна павянчаліся. Як разьлічыліся, даведаліся ад знаёмых і ў знак ўдзячнасьці падарылі сьвятару сьціплае ўзнагароджаньне ў канвэрце.

Тацяна Дзямідава, Вечерний Гродно

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0