Райскі куток на Нёмане з майго ранейшага жыцьця, засталіся адно ўспаміны, піша на сваім гарадзенскім блогу Сяргей Астравец.

Рымскае варэньне. Яго смак пачаў забывацца. Так-так, зноўку мы не зрабілі рымскага варэньня, а ўзгадвалі. Каторы ўжо раз! Жыцьцёвыя абставіны складаюцца інакш, ты ня можаш хаця б проста набыць ягады, прынесьці з крамы цукру, стаць да пліты. Ня кажучы ўжо аб тым, каб паехаць у вашыя прызабытыя Крэйдавыя горы і нарваць дасьпелай жоўтай або чырванаватай алычы, як калісьці. Чакай да наступнага году, да будучага ўраджаю.

Ты мог хадзіць на Нёман хоць кожны дзень. Адзін час гэтыя праходкі адбываліся з Базылём, капучынавым катом, які ўпэўнена бег наперадзе, нібы які Рэкс. З таго часу засталіся радкі з маёй “Пагоні”, перадрукаваныя ў кніжцы “Лісты да хома саветыкуса”: “Палеткі на ўзгорках, блакіт, лес, рака. Усе з сабакамі. Выгульваеце ката, прычым на павадку, адныя вы. Выгляд у яго надзвычай годны, а вочы — разумныя, як ня ў кожнага чалавека. Вы яго называеце “кот-сапіэнс”.

Надвор’е вельмі няпэўнае: аблокі, сонца, парывісты вецер, “цяжарныя” вільгацьцю хмары, імжака, дождж. Калі ўзыходзіш на пагорак, бачыш адно ўзараную цёмную зямлю ды бруднае неба, узгадваецца карціна Фэрдынанда Рушчыца, якой ніхто з вас ня бачыў у арыгінале.

Часам вашага ката, нібы таго сабаку, як панясе па жоўтай колкай пожні! Ажно пяты мільгацяць. Ледзьве пасьпяваеш сьледам шырокім крокам бегма…” Мне падабалася пісаць спачатку ў адноўленай “Нашай Ніве”, затым у “Пагоні”, якую тады сам рэдагаваў, уласныя зацемкі — кароткія назіраньні за жыцьцём, якое імкліва зьмянялася, хацелася зафіксаваць нібы фотакамэрай схопленыя з навакольных дзеяў ці з уласных — кадры.

Калі гуляеш са сваім катом у лесе, дзе расьце мноства нікому не патрэбнай алычы, чаму б не нарваць? У горадзе на вуліцах і ў дварах ураджай марнуецца, ніхто ня будзе дбаць аб ім. Уся рознакаляровая прыгажосьць апынаецца пад нагамі, нават чорны вінаград зусім не ў паўднёвым месцы гіне пад абцасамі. Адчуваеш эстэтычны жаль.

А як было файна вярнуцца з наднёманскага лесу са сваім хвастатым сябрам і з кошыкам той алычы, ды ўзяць кніжку Жукроўскага і пачытаць надзвычай утульныя старонкі пра дом у садзе, пра варку рымскага варэньня. Так-так, мы вычыталі пра яго ў кнізе, і нам гэта спадабалася, але мы не прытрымліваліся кніжнага рэцэпту: клалі, што трапіцца — яблыкі, разынкі, дулькі. Фантастычна смачна з гарбатай ці кавай… Смак мінулых гадоў з прынёманскага ўрочышча Крэйдавыя горы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру