Шэсьце ў Курапаты было масавым і прадстаўнічым. І — згуртаваным.

А палове на адзінаццатую побач з гадзіньнікавым заводам сабралася каля сотні чалавек. Людзі разгортвалі знаёмыя па мінулых Дзядах транспаранты і расьцяжкі, сьцягі. За імі пільна сачылі супрацоўнікі міліцыі. У завулку Талбухіна дзяжурыла спэцтэхніка. Пад’ехала здымачная група БТ.

Натоўп увесь час напаўняўся новымі людзьмі. Шмат хто заўважаў, што летась людзей было значна менш. Зьявіліся старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і ягоны намесьнік Віктар Івашкевіч. Апошні пазьней распавёў, што наведвае Курапаты штогод ды адзначыў, што людзі паступова пазбаўляюцца страху, выходзячы на вуліцы сталіцы пад сваімі сьцягамі. Дачка Аляксандра Казуліна Вольга з малым сынам дэманстравала аўто, што рухаліся па праспэкце, партрэт бацькі. Сяргей Скрабец трымаў расьцяжку «Свабоду Казуліну». Побач былі прадпрымальнікі, сярод якіх — Аляксандар Макаеў.

На момант, калі шэсьце рушыла ў кірунку Курапатаў, калёна налічвала каля тысячы чалавек (міліцыя ацаніла яго колькасьць удзельнікаў на 500 чалавек; паводле ацэнак радыё «Свабода» і charter97.org, у шэсьці ўдзельнічала да двух тысяч маніфэстантаў). У галаве яе ішла Мая Кляшторная — дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага, што ляжыць у сырой зямлі недзе там, у лесе, разам зь дзясяткамі тысячаў суайчыньнікаў. Сталіністы, як і нацысты, імкнуліся вынішчыць эліты паняволеных нацыяў, каб навекі пазбавіць іх лідэраў.

Разам зь усімі ў Курапаты ішлі палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Ігар Рынкевіч, лідэр моладзі Павал Севярынец, мастакі Алесь Марачкін ды Мікола Купава. Як і год таму, было шмат моладзі. Ушанаваць памяць рэпрэсаваных землякоў прыйшлі маладыя палітыкі і актывісты, што прайшлі праз турмы за Лукашэнкам.

Над калёнай луналі нацыянальныя сьцягі, а таксама партыйная сымболіка — сьцягі абодвух Франтоў, АГП, сацыял-дэмакратаў, маладафронтаўцаў. Несьлі людзі і новыя крыжы, вырабленыя жодзінскім цесьляром сп. Рыбкаўцом. Транспаранты і расьцяжкі ў руках дэманстрантаў папярэджвалі пра небясьпеку расейскага імпэрыялізму, патрабавалі трыбуналу над камунізмам, нагадвалі пра 70-ці годзьдзе аднаго з самых змрочных пэрыядаў у беларускай гісторыі — сталінскіх рэпрэсіяў 30-х гадоў ХХ ст., а таксама пра тое, што насуперак усяму — Беларусь жыве.

Не абышлося безь церцяў. На перасячэньні з вуліцай Валгаградзкай супрацоўнікі ДАІ настойліва загадалі пераходзіць вуліцу праз падзямельны пераход. Адзін з арганізатараў шэсьця намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі павёў такі людзей верхам, запатрабаваўшы ад ДАІшнікаў належнай арганізацыі руху дэманстрацыі.

Дробныя канфлікты на пераходах вуліцаў усчыналіся амаль да ўскраіны гораду: дэманстрантаў упарта спынялі на чырвонае сьвятло. Супрацоўнікі ДАІ відавочна падзялілі прэсу на «прыкормленую» і «чужую». Так, старшы лейтэнант ДАІ, які назваўся Дзьмітрыем Лайкевічам, забараніў прыпаркавацца фотакарэспандэнту «НН» побач з урочышчам, хоць паблізу стаяла аўто «Першага нацыянальнага тэлеканалу».

Бліжэй да Зялёнага лугу побач з калёнай зьяўляцца купкі нецьвярозых маладзёнаў, якія мацюкаліся ў бок удзельнікаў шэсьця. Супрацоўнікі ў цывільным іх «не заўважалі». Простыя мінакі рэагавалі на шэсьце спакойна. Маленькі хлопчык нагадаў бацьку: «А мы бачылі з табой такія сьцягі нядаўна каля цырку!». «Ну колькі ўжо можна трываць гэта!» — гатовая была пайсьці за калёнай прадавачка садавіны.

Тым часам шэсьце працягвала рух пад сьпевы «Пагоні», «У гушчарах», «Магутны Божа» ды іншых патрыятычных песень.

У Курапатах грамада найперш затрымалася побач з адноўленым Крыжом Пакуты. Юрась Беленькі нагадаў пра няспынныя спробы невядомых вандалаў зьнішчыць сьвятыню. У часе мітынгу быў зачытаны зварот лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянона Пазьняка, у якім той нагадаў: «Менавіта з адкрыцьця праўды пра Курапаты пачалося новае беларускае Адраджэньне, якраз адсюль і з гэтага часу пачаўся Беларускі Народны Фронт». Адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі падзякаваў усім, хто дапамог аднаўляць Крыж ды заклікаў ахвяраваць сродкі на новыя крыжы ў Курапатах.

Перад адыходам былі ўсталяваныя прынесеныя з сабою новыя крыжы. Прысутных запрасілі прыйсьці ў нядзелю 4 лістапада ў нядзелю ў Лошыцкі Яр, каб а 12-й гадзіне ўшанаваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Трэба адзначыць, што сёлетняе шэсьце было масавым і прадстаўнічым. І — згуртаваным. Як заўважыў адзін з удзельнікаў шэсьця — толькі супольнае адзначэньне датаў кшталту Дня Волі і Дзядоў здольнае нас аб’яднаць.

Сямён Печанко

Фота Андрэя Лянкевіча

Глядзі яшчэ:
Мультымэдыйны слайд-паказ аўтарства Андрэя Лянкевіча.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру