Ёсьць у Беларусі гістарычныя месцы, дзе амаль нічога не нагадвае пра значнасьць былых падзеяў, пра жыцьцё, якое віравала тут стагодзьдзі таму, пра змрочныя тайны і старадаўнія легенды. Час і чалавечая нядбайнасьць робяць сваю справу, разбураюцца сівыя муры, зьнікаюць назаўжды курганы і паркі.

А потым ужо і жыхары гістарычных мясьцінаў, нашчадкі касінераў, забываюць чыйго яны роду, звыкла адносячы сябе да простых савецкіх грамадзянаў. Тым дзіўней раптам зразумець, што нейкая занядбаная вёсачка ці цёмны гарадзкі квартал ёсьць даўнімі сьведкамі Гісторыі.

Паміж Смаргоньню і Маладэчнам стаіць маленькая вёска Беніца. Праз яе можна было б праехаць, не заўважыўшы, калі б не царква з касьцёлам, старыя і вельмі прыгожыя будынкі. Цяпер у вёсцы толькі і ёсьць што амбуляторыя, фэрма і пошта. А калісьці Беніца была буйным мястэчкам.

Першае ўпамінаньне пра Беніцу адносіцца да XV ст. З 1634 г. гэта радавы маёнтак паноў Коцелаў — буйнога шляхецкага роду, які займае важныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Міхал Казімір Коцел, напрыклад, быў віцебскім кашталянам. Менавіта ён і пабудаваў у Беніцы касьцёл, зь цікавай нагоды.

Як сьведчыць легенда, у 1700 годзе пан Коцел са сваёй сям’ёй ехаў з Беніцы ў Ашмяны. І так здарылася, што коні панесьлі панскую брычку, у якой была толькі маленькая дачка Коцелаў. Калёсы маглі перавярнуцца, і дачка загінула б. Шляхціц пасьпеў толькі ўкленчыць і папрасіць дапамогі ў Божае Маці. І тут коні, якія беглі, як звар’яцелыя, імгненна спыніліся. Дзякуючы за цуд, пан Коцел даў клятву пабудаваць на гэтым месцы касьцёл, і праз год стрымаў сваё слова.

Касьцёл Сьвятой Троіцы, пабудаваны ў барочным стылі, перадалі манахам‑бэрнардынам. Манахі зладзілі побач з касьцёлам двухпавярховы манастыр, пры якім працавала школа. Пасьля пабудовы касьцёла Беніца стала асноўнай рэзыдэнцыяй Коцелаў, яны пабудавалі тут сядзібны палац, аранжарэю, заснавалі сад, парк з сыстэмай сажалак і каналаў. Архітэктар Спампані, які будаваў палац, быў спэцыяльна выпісаны Коцеламі з Італіі. Унутры была мастацкая галерэя і багатая бібліятэка, ў госьці прыяжджалі вядомыя людзі, нават Напалеон Банапарт жыў тут падчас адступленьня французаў.

Заснавальнік касьцёлу і палацу, Міхал Казімір Коцел вырашыў застацца ў Беніцы назаўсёды. Ён загадзя падрыхтаваў мураваную магілу ў храме, а калі адчуў набліжэньне сьмерці, замовіў мастаку свой партрэт. Малюнак знаходзіўся ў палацы да пачатку мінулага стагодзьдзя. На партрэце побач з постацьцю шляхціца былі намаляваныя вялізныя мяхі з лічбамі на баках. Перад сьмерцю пан Коцел сказаў, што грошы свае забірае ў магілу і не дазволіць нікому іх узяць. Ён памёр у 1722‑м годзе, зь верай, што падмурак касьцёлу ёсьць самым спакойным месцам, і нават уявіць ня мог цёмныя часы, калі ягоная магіла будзе разрабаваная.

У 1813 г., пасьля сьмерці апошняга з Коцелаў, Беніца перайшла да нашчадкаў па жаночай лініі, паноў Швыкоўскіх. На загад расейскага цара ў 1855‑м манастыр бэрнардынцаў быў разабраны. У 1864‑м побач з касьцёлам была пабудаваная Сьвята‑Пакроўская царква. Такія цэрквы ў «псэўдарускім» архітэктурным стылі, стаяць шмат дзе па Беларусі. Іх яшчэ называюць «мураўёўкамі», ў гонар Мураўёва‑вешальніка. Русіфікацыя перамагла палянізацыю, і праз тры гады сам касьцёл быў перароблены ў царкву, і быў ёй да прыходу палякаў. Палац Коцелаў вельмі пацярпеў падчас сусьветных войнаў, а пры савецкай уладзе быў канчаткова зьнішчаны.

Пры саветах сямейны склеп Коцелаў і Швыкоўскіх быў разрабаваны, падчас чаго касьцякі былых гаспадароў проста звалілі ў кучу, труны паразьбівалі, а надмагільныя пліты павыкідалі на вуліцу. І царква, і касьцёл стаялі зачыненымі з 1948‑га году да самага развалу СССР. Сёньня ідзе рэстаўрацыя гэтых помнікаў архітэктуры, але да поўнага адраджэньня яшчэ далёка.

Касьцёл стаіць зачыненым, але не для вандалаў. Час ад часу сюды наведваюцца аматары пагуляць з чалавечымі косткамі. Маладэчанскі актывіст Генадзь Фарына, зь якім мы прыехалі ў Беніцу, кажа, што раней чарапоў было больш. Разрабаваны склеп быў нанава закладзены цэглай у 2003‑м, аднак злачынцы ізноў разбурылі кладку і павыкідалі косткі. Па словах Генадзя, ў падвале бачныя сьляды нядаўніх наведвальнікаў. Амаль немагчыма знайсьці рэшткі мармуровых і гранітных надмагільных плітаў, некаторыя чэрапы раструшчаныя на кавалкі. І зусім немагчыма зараз зразумець, дзе рэшткі шкілетаў Швыкоўскіх, а дзе Коцелаў. Такі жудасны стан магілы ня вельмі зьмяніўся і пасьля сыходу «саветаў». Косткі, прыбраныя намі ў «брацкую магілу», могуць быць ізноў патрывожаныя ў бліжэйшым часе. Таму неабыякавыя людзі вырашылі падаць заяву ў пракуратуру. Як кажа Генадзь, «трэба ўзбудзіць крымінальныя справы па двух артыкулах: нанясеньне шкоды помніку архітэктуры і апаганьваньне могілак».

«Нягледзячы на тое, што і касьцёл, і царква з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, няма каму паклапаціцца пра іх. Варта было б замазаць шчыліны, ці хаця б паўстаўляць пабітыя шыбы, каб абараніць храмы ад дажджоў, маразоў і арды галубоў, якія паскудзяць усярэдзіне. Проста неабходна абмежаваць доступ у склеп касьцёла, каб ня лазілі марадзёры, якія дагэтуль мараць знайсьці панскія грошы».

Яраслаў Сьцешык


Выява Маці Божай на сьцяне ў 2003 г.

у 2007 г.

Надмагільная пліта ляжыць проста на вуліцы

Праваслаўная царква ў Беніцы

Фота аўтара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0