Беларускае Міністэрства працы й сацыяльнае абароны абнародвала вельмі непрыемныя лічбы. Ад студзеня па кастрычнік у краіне 163 чалавекі загінулі на працоўных месцах, 520 было цяжка траўмавана.

Сярод тых, хто загінуў, кожны трэці быў піяны. Пятая частка трагедыяў адбылася праз парушэньне працоўнай дысцыпліны. Іншыя прычыны: нявыкананьне кіраўнікамі інструкцыяў па ахове працы, неасьцярожнасьць, састарэлае абсталяваньне, адсутнасьць сродкаў індывідуальнай абароны, дрэнны стан працоўнага месца.

У міністэрстве кажуць, што можна нават скласьці рэйтынг самых небясьпечных прафэсыяў. Як ні дзіўна, на першай пазыцыі ў ім — вартаўнікі. Людзі піюць на працоўных месцах і паміраюць ад перадазіроўкі, альбо засынаюць з запаленай цыгарэтай і гінуць у агні пажару…

‑‑ Здараецца й такое, што цяжка адразу высьветліць, ад чаго чалавек загінуў, ‑‑ кажа начальнік адзьдзелу аналітычнага забесьпячэньня Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Аляксандар Талерчык. — Нядаўна вартаўнік, які пасьвіў кароў, згарэў у сваім вагончыку. Думалі, сьмерць наступіла ад агню. Але ж пасьля высьветлілася, што ў яго ў крыві ‑‑ 4,9 праміляў алькаголю. А гэта як тры бутэлькі гарэлкі! Іншы быў выпадак, калі піяны вартаўнік палез у трансфарматар па медзяны дрот. Яго забіла токам…

Нагадаем, ва ўсім сьвеце самымі небястпечнымі прафэсыямі лічацца шахторы, паліцэйскія ды журналісты. У Беларусі рэйтынг іншы ‑‑ кіроўцы, мантажнікі, муляры, цесьляры, і тыя ж шахторы… Кожны дваццаты чалавек гіне па віне іншых. Напрыклад, кранаўшчык апускаў груз і не заўважыў калегу… Адмыслоўцы Дэпартамэнту кажуць, што большасьць трагедыяў можна было б пазьбегнуць. Напрыклад, на адной будаўнічай пляцоўцы чалавек зваліўся у незатуленую дзірку ў падлозе. Як высьветлілася пасьля, ён сам быў адказным за тэхніку бясьпекі на гэтым аб’екце…

Разам з усім, супрацоўнікі дэпартамэнту падкрэсьліваюць, што ў параўнаньні з адпаведным прамежкам мінулага году сьмяротнасьць паменьшылася на 14 адсоткаў.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0