Калі кіраўнік дзяржавы дае чыноўнікам ці дзяржслужбоўцам павышэнне, то адбываецца гэта ў такой пафаснай атмасферы. Маўляў, прызначаецца добры кіраўнік, выдатна ведае справу і гэтак далей. Проста ўражанне складаецца, што большага спецыяліста і знайсці цяжка.

А як той жа Лукашэнка здымае скандальных чыноўнікаў? Тады сыплюцца зусім іншыя словы. Зганьбіліся, не выканалі, накралі… І калі гэта чуеш з экрана тэлевізара, прасякаешся нянавісцю да такіх служак народа. Ату, іх! Але самае прыкрае, што Лукашэнка нібыта і не пры чым. Адкуль жа яму ведаць, што робіцца, скажам, у раёне Х, пакуль спецслужбы не пакажуць пальчыкам.

І людзі вераць, што ён не ўсюдыісны. Нядаўна размаўляў з маладой мамай. Яна сварылася на сваіх крыўдзіцеляў з дзяржорганаў (не без падстаў). І рэзюмавала: «А Лукашэнка ж не ведае, што адбываецца на месцы». Нібы гэта не ён сам стварыў такую сістэму вертыкалі. Канечне, ён асабіста не прымае на працу ўсіх гэтых чыноўнікаў. Але тыя, каго прымае, выбудоўваюць сваю сістэму — па ўзоры той, што бачаць у краіне. І калі аднаго за адным арыштоўваюць мэраў і іх намеснікаў, супрацоўнікаў фінансавай міліцыі (!), намесніка міністра ўнутраных спраў (!!), намесніка генеральнага пракурора (!!!), намесніка кіраўніка буйнога дзяржканцэрна, суддзю, на каго тады ківаць? На кіраўніка вобласці, пры чыім удзеле прызначаюць раённая кіраўніцтва, на старшыню Камітэта дзяржкантролю, на міністра, генпракурора?.. Але ж і над апошнімі ёсць свой начальнік.

Калі фактычна ва ўсіх сферах штогод адбываюцца арышты высокіх асобаў, звязаныя з хабарам, перавышэннем улады і службовых паўнамоцтваў, ці выпадковасць гэта? І тое, што так шмат выяўляецца злодзеяў сярод дзяржэліты, гэта не столькі заслуга спецслужб, колькі недагляд за імі. А хто крадзе, бярэ хабар, проста не паважае і нават не баіцца тых, хто над ім.

А пасля пры новых прызначэннях мы зноў будзем чуць пра эліту, якая прыходзіць кіраваць дзяржавай. Якая ж гэта эліта, калі яе садзяць і ўсё не могуць перасадзіць. Бандзюкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?