Памiж вулiцамi Старавiленскi тракт i Чарвякова ў Мiнску знаходзяцца могiлкi  , на якiх пахавана больш за 5 тысяч воiнаў, якiя аддалi свае жыццi за Айчыну на франтах Першай сусветнай вайны. З самага пачатку гэтыя могiлкi былi мемарыяльнымi — яны павiнны былi служыць увекавечанню памяцi тых, хто на iх спачывае. Як справядлiва заўважыў мастак Барыс Цiтовiч, — гэта бацькi тых, хто абараняў нашу зямлю ў Вялiкую Айчынную вайну. Цi справядлiва шанаваць памяць дзяцей i забываць пра бацькоў? З 1914 года па канец 40‑х гэтае месца было агароджана, на кожнай магiле быў крыж з проозвішчам, да 30‑х гадоў на тэрыторыi могiлак знаходзiлася каплiца, у якой адпявалi i памiналi загiнулых. Мiнскiя вайсковыя брацкiя могiлкi былi ўтвораны для пахавання i ўвекавечання памяцi праваслаўных воiнаў розных нацыянальнасцяў i званняў. Аднак пасля апошняй вайны на месцы могiлак гарадскiя ўлады ўтварылi жывёльны рынак, вядомы як Старажоўскi. Дагэтуль месца, дзе спачываюць целы нашых прадзедаў, нiяк не абазначана, хоць тэрыторыi некалькi гадоў таму быў прысвоены статус гiсторыка‑культурнай каштоўнасцi. Каб змянiць сiтуацыю, напрыканцы мiнулага тыдня Мiнiстэрства культуры арганiзавала сустрэчу ўсiх зацiкаўленых бакоў, на якой абмяркоўваўся распрацаваны i зацверджаны раней праект добраўпарадкавання Брацкiх могiлак.

— Мы запрасiлi прадстаўнiкоў Мiнскай епархii Беларускай праваслаўнай царквы, Мiнгарвыканкама, праекцiроўшчыкаў i заказчыкаў работ — УКБ Цэнтральнага раёна, — расказала «Звяздзе» намеснiк начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка‑культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Аксана Сматрэнка. — Абмеркавалi праект добраўпарадкавання i пагадзiлiся, што яго неабходна дапоўнiць будаўнiцтвам каплiцы. Праекцiроўшчыкам рэкамендавалi да канца года распрацаваць i прадставiць некалькi варыянтаў дапоўненага праекта, пасля чаго зацiкаўленыя бакi зноў збяруцца i выберуць канчатковы. План добраўпарадкавання могiлак прадугледжвае абазначэнне тэрыторыi ў забудове жылога квартала, лёгкую агароджу, будаўнiцтва якой не кране культурны слой, каб не турбаваць астанкi. Будзе ўладкавана дарожка да дома № 23 па вулiцы Чарвякова, у цэнтры якой, хутчэй за ўсё, i паўстане каплiца‑помнiк.

— Я цалкам згодны з вынiкамi пасяджэння, — пракаментаваў рашэнне Мiнiстэрства культуры галоўны архiтэктар праекта добраўпарадкавання тэрыторыi Брацкiх могiлак Мiкалай Дзядко. — Мы запраектавалi добраўпарадкаванне, а трэба рабiць мемарыял, хай i невялiкi. I мы гатовы ўнесцi тыя элементы у праект, пра якiя нас прасiлi ўдзельнiкi пасяджэння, як толькi да нас паступiць заказ. Размова iдзе пра малыя формы ў гранiце i праект праваслаўнай каплiцы, на сценах якой будуць размешчаны iмёны тых, хто пахаваны на могiлках. Хутчэй за ўсё, каплiца будзе запланавана невялiкая, але дастатковая для таго, каб там адбывалiся памiнальныя набажэнствы.

Клiр найблiжэйшага да гэтага месца Свята‑Магдалiнiнскага прыхода выказаў гатоўнасць абслугоўваць будучую каплiцу. Дарэчы, гiстарычна так i было: свяшчэннiкi са Свята‑Магдалiнiнскай царквы адпявалi воiнаў i служылi панiхiды на Мiнскiх вайсковых брацкiх могiлках.

Вольга Мядзведзева, «Звязда»

Глядзі яшчэ:
Брацкім могiлкам няма спакою
Менск — горад на костках

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру