У часе сустрэчы са старшынём Рады дырэктараў расейскай акцыянэрнай фінансавай карпарацыі «Сыстэма» Уладзімерам Еўтушэнкавым Аляксандар Лукашэнка выказаў зацікаўленасьць у інвэстыцыях карпарацыі ў вытворчасьць субмікронных мікрасхемаў НВА «Інтэграл». Пры гэтым ён запэўніў, што беларускі бок ня будзе «трымацца за кантрольны пакет акцыяў гэтага прадпрыемства».

Расейскі «Коммерсант» прыводзіць словы прэзыдэнта карпарацыі «Сыстэма» Аляксандра Ганчарука пра цікавасьць да беларускага прадпрыемства і кансультацыі наконт яго набыцьця. Падрабязнасьці ўгоды пакуль (ізноў?) не разгалошваюцца. Кампанія «Тройка Дыялог» ацэньвае кошт «Інтэгралу» на $150-200 млн.

Сп. Ганчарук не хавае канкрэтных мэтаў набыцьця беларускага прадпрыемства. Па яго словах, асноўная прадукцыя «Інтэгралу» запатрабаваная расейскімі абароннымі прадпрыемствамі. Канкурэнтаздольнасьць беларускай мікраэлектронікі ў іншых галінах ва ўдзельнікаў IT-рынку выклікае сумневы. Прэзыдэнт кампаніі ІВК Грыгорый Сізаненка прыводзіць у зеленаградзкі завод «Мікрон», які займаецца вытворчасьцю кампанэнтаў па тэхналёгіі 0,18 мікрона. Паводле Г. Сізаненкі, гэта ўжо далёка ня самая дасканалая тэхналёгія, але на тым жа «Інтэграле» пакуль вырабляюць кампанэнты па тэхналёгіі 0,5 мікронаў. Набыцьцё беларускага прадпрыемства прэзыдэнт ІВК расцэньвае як палітычны крок — дадатковы сродак заваёвы рынку Індыі.

Экспэрты не выключаюць, што прадукцыя «Інтэгралу» запатрабаваная дзеля падтрыманьня ў баявой гатоўнасьці вайсковай тэхнікі савецкай вытворчасьці. Адзначаецца таксама, што АФК «Сыстэма» мусіць укласьці істотныя сродкі ў падвышэньне канкурэнтаздольнасьці прадукцыі «Інтэгралу». Пры гэтым экспэрты перасьцерагаюць, што выхад «Сыстэмы» на беларускі рынак мікраэлектронікі выкліча дадатковыя рызыкі, зьвязаныя ў першую чаргу зь непрадказальнасьцю беларускіх уладаў. У прыклад прыводзяцца расейская піваварня «Балтыка» ды чэская «Шкода», якія ў свой час згарнулі інвэстыцыйныя праекты ў Беларусі праз непаразуменьні з уладамі.

ААТ «НВА «Інтэграл» цалкам належыць дзяржаве. У часе існаваньня СССР быў найбуйнейшым вытворцам мікрасхемаў. На сёньня НВА выпускае паўправадніковыя кампанэнты па тэхналёгіі 0,5 мікронаў, запатрабаваныя ў абароннай прамысловасьці ды вытворчасьці побытавай электронікі. Паводле прагнозаў у 2007 г. «Інтэграл» мае атрымаць даход $110 млн, чысты прыбытак — $11 млн.

АФК «Сыстэма» — найбуйнейшы несыравінны холдынг у Расеі. Карпарацыя валодае і кіруе актывамі ў сфэрах высокіх тэхналёгіяў, сувязі, мэдыцыны, будаўніцтва, у фінансавым сэктары, турызьме. Яна цесна ўзаемадзейнічае зь дзяржаўнымі органамі Расеі, прымаючы ўдзел у рэалізацыі г.зв. «нацыянальных праектаў» у галіне адукацыі, аховы здароўя, разьвіцьця электроннай прамысловасьці, будаўніцтва, у стварэньні тэхнапаркаў, камэрцыялізацыі навігацыйнай сыстэмы ГЛАНАСС.

Сумарная капіталізацыя даччыных кампаніяў АФК «Сыстэма» на 1 ліпеня 2007 г. на біржах Нью-Ёрку і Лёндану перавысіла $40 млрд.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру