Што б там ні казалі пра Пуціна, але сёньня ён прыехаў на месца расстрэлаў сталінскіх часоў. І ўвогуле па ўсёй Расеі афіцыйна адзначаецца Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсыяў.

У Беларусі "ворагаў народу" — як інтэлектуальную эліту, так і простых сялян — вынішчалі тады з асаблівым, беспрэцэдэнтным размахам. Але ініцыятыва нашых грамадзкіх дзеячаў ушанаваць на дзяржаўным узроўні памяць ахвяраў вялікага тэрору сталася, як вядома, марным лямантам у пустэльні. Уявіць сабе вялікага беларускага начальніка ў Курапатах немагчыма.

Быў, праўда, і іншы час. У маім электронным архіве захоўваюцца ўспаміны Станіслава Шушкевіча. У прыватнасьці, расповед пра тое, як ён мусіў выявіць адмысловую тактычную хітрасьць, каб айчынныя артадоксы не сарвалі паездку Клінтана ў Курапаты. Зрэшты, ратаваць давялося і сам Клінтанаў візыт тады, у студзені 1994-га. Дні Шушкевіча на пасадзе кіраўніка парлямэнту былі ўжо зьлічаныя, і ён сам гэта выдатна ўсьведамляў.

Распавядае Станіслаў Шушкевіч:

"Ужо ўлетку 93-га я добра разумеў, штo пракамуністычная бальшыня выкарыстае любую даўбешку, каб мяне з пасады скінуць.

Звышзадачай стала выратаваць Клінтанаў візіт, прызначаны на студзень 1994-га, даць штуршок разьвіццю як двухбаковых стасункаў з ЗША, так і нашай міжнароднай палітыкі наогул.

Я вырашыў перайграць супернікаў. Разумеў, што зь Менску зьязджаць напярэдадні нельга, бо візыт абавязкова сарвуць. Каб на саміт СНД у Ашгабат не паехаць, зрабіў выгляд, што захварэў значна больш сур'ёзна, чым было насамрэч. Замест мяне паляцеў віцэ-сьпікер Кузьняцоў.

Але і пасьля без сюрпрызаў не абышлося.

Сілавікі раптам заяўляюць: так і так, ня можам гарантаваць падчас візыту Клінтанаву бяспеку. Тлумачу сітуацыю тагачаснаму амэрыканскаму амбасадару Суорцу, той многае разумее бяз слоў. І празь нейкі час адказвае: нічога, клопат пра бяспеку бярэм на сябе!

Потым сітуацыя паўтарылася ў мініятуры, калі Клінтан выказаў намер наведаць Курапаты. Зноў сілавікі заяўляюць: ня можам гарантаваць бяспеку! Дрэвы там і ўсё такое — а раптам снайпэры схаваюцца! Ды яшчэ вэтэраны выступілі з пратэстам, афіцыйны ліст даслалі. Тут давялося пайсці на хітрасьць: прызначыць сустрэчу вэтэранаў з Клінтанам на плошчы Перамогі... Нібыта замест Курапатаў. Вэтэраны пагадзіліся, цёпла віталі госьця ля абеліска. Той усклаў там вянок, а потым — усё адно скіраваўся ў Курапаты і аддаў даніну памяці ахвярам сталіншчыны".

* * *

Прайшло 13 гадоў.

Лаву Клінтана пэрыядычна крышаць вандалы, якім нашы доблесныя органы ня могуць даць рады.

Візыт амэрыканскага прэзыдэнта ў цяперашнюю Беларусь, бадай, ня мог бы сабе ўявіць ніводзін самы разьняволены фантаст.

Зараз да нас прыязджае Чавэс, і вязуць яго не ў Курапаты, а на "Лінію Сталіна".

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру