Сёньня, 30 кастрычніка, расейскія міратворцы абкружылі грузінскі моладзевы лягер і зьбілі ахоўнікаў, якія там знаходзіліся. Грузінскі спэцназ увайшоў на тэрыторыю ачэпленага лягера і прымусіў папераджальнымі стрэламі расейскіх салдат пакінуць яго. Затым Міхаіл Саакашвілі абвясьціў камандуючага міратворцамі расейскага генэрала Чабана пэрсонай нон-грата.

«Нашаму цярпеньню прыходзіць канец. Мы далі загад абараняцца пры наступным нападзе, забараняцца ўсімі наяўнымі магчымасьцямі, а магчымасьцяў у нас дастаткова. І перадайце вашаму генэралу Чабану, што я абвяшчаю яго непажаданай пэрсонай у Грузіі, і ў найбліжэйшыя дні ён няхай пакіне тэрыторыію краіны», — заявіў Міхаіл Саакашвілі.

«Калі яшчэ раз такое паўторыцца, вы ўцягнеце Расею і Грузію ў велізарную правакацыю. Я вас папярэджваю, што правакацыйныя дзеяньні ў вас ня пройдуць. Мы настроены вельмі і вельмі рашуча, каб вы гэта добра запомнілі», — папярэдзіў грузінскі прэзыдэнт.

Інцыдэнт адбыўся ля грузінскага сяла Ганмухуры, якое знаходзіцца на абхаскім беразе памежнай ракі Інгуры. Над лягерам завіс расейскі ваенны самалёт, па ягоным пэрымэтры сталі тры расейскія БТР і салдаты‑міратворцы. Затым расейскія салдаты ўвайшлі на тэрыторыю лягера і зьбілі трох ахоўнікаў-служачых МУС Грузіі. Спэцназ Грузіі, што прыбыў на месца здарэньня, прымусіў расейскіх салдат пакінуць лягер. Пазьней на месца здарэньня прыехаў прэзыдэнт Грузіі.

Улады краіны заявілі, што лягер створаны для правядзеньня культурных мерапрыемстваў патрыятычнага кшталту. Але Рада бясьпекі ААН ў ліпені заклікала Грузію распусьціць лягер, каб пазбавіцца «магчымасьці ўзьнікненьня інцыдэнтаў».

telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0