Баранавіцкім прадпрымальнікам, што распаўсюджвалі «Нашу Ніву», не працягнулі дамову арэнды памяшканьня.

Праблемы ў сям’і Малашчанкаў, прадпрымальнікаў з Баранавічаў, пачаліся летась.

Малашчанкі арандуюць памяшканьне ў будынку мясцовае філіі «Прыёрбанку». Гандлююць фільтрамі для вады, дадаткова распаўсюджваюць беларускія кнігі, газэты й часопісы. У мінулым годзе паўстала пытаньне працягу дамовы арэнды памяшканьня. Вырашылі яго тады на карысьць прадпрымальнікаў.

«Сёлета нам адмовілі, спаслаўшыся на вытворчую неабходнасьць» — распавяла Тацяна Малашчанка. Паводле яе словаў, у вызваленым памяшканьні вырашылі разьмясьціць аддзел крэдытаваньня.

Спн. Тацяна мяркуе, што прычына не ў вытворчай неабходнасьці: «Мы шмат каму муляем вочы — і кнігі з газэтамі ў нас «няправільныя» прадаюцца, і шыльда рэклямная над уваходам ня тых колераў».

Яна ўзгадвае, што яшчэ летась інжынэр МТА банкаўскага аддзяленьня, у якім яны арандуюць памяшканьне, Жана Карачун зацікавілася асарытмэнтам крамы і зганіла яго. А менавіта яна ўкладае дамову арэнды памяшканьня.

Дырэктар баранавіцкае філіі 505 ЦБУ «Прыёрбанку» Алег Гладышчук, разводзіць рукамі: маўляў, ён нічога ня можа зрабіць, усё вырашае інжынэрка, яна падпарадкоўваецца непасрэдна сталічнаму начальству. А. Гладышчук пацьвердзіў немагчымасьць працягу дамовы, а потым распавёў, што ён таксама патрыёт сваёй радзімы, але аддзяляе працу ад поглядаў. На разьвітаньне ён параіў прадпрымальніцы зрабіць тое самае, тады і праблемы перастануць узьнікаць.

Распаўсюд незалежнай прэсы ў Баранавічах знаходзіцца пад пільным кантролем мясцовых чыноўнікаў. Малашчанкі — вернікі грэка‑каталіцкай царквы, але паколькі іх суполка ня мае сваёй царквы ў Баранавічах, то наведваюць яны мясцовую рыма‑каталіцкую царкву Сьвятой Тройцы. Бяруць з сабой колькі асобнікаў «НН», каб раздаць іншым вернікам. Гэта не спадабалася мясцоваму ідэолягу, які вынес папярэджаньне сьвятару Яўгену Маліноўскаму, а самых распаўсюднікаў аштрафаваў.

«У любым разе мы будзем рабіць, што рабілі», — кажа Тацяна Малашчанка. Гэта ж наша мова, якая бяз прэсы і кніг ня выжыве.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру