Наведнікі з цікавасцю гарталі кнігу і дзяліліся ўражаннямі.
Аўтарка кнігі Алена Мікульчык.
Адзін з фатографаў — Кацярына Кучук — расказвае пра працэс здымак.
Сябры «Суполкі кухараў: Максім Русаковіч, Антон Кабанаў і Андрэй Рэзнікаў.
Шэфы ахвотна адказвалі на пытанні і дзяліліся сакрэтамі прыгатавання той ці іншай стравы. Ад гасцей, у сваю чаргу, раз-пораз было чуваць: «А вось мая мама варыла аўсяны кісель так!» альбо «Памятаю, бабуля частавала мяне такімі калдунамі ў дзяцінстве…»
Ваяры гістарычнага клуба «Алтын Тумен».
Рыцары б'юцца за сэрцы «прыўкрасных дам», сярод якіх — і карэспандэнт «НН»:)
Сп. Алена з чарговай гістарычна-кулінарнай цікавосткай.
Вось так апетытна былі аформлены дворык музея.
Можна было павучыцца танчыць паланэз…
…і патрэніравацца ў пляценні адмысловых касічак з цеста.
А верашчака была сапраўды вельмі смачнай!
17 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося кулінарнае шоу-дэгустацыя «Гісторыя Беларусі на смак», прысвечанае выхаду кнігі Алены Мікульчык «Найлепшыя стравы беларускай кухні».
Па словах аўтаркі, вывучэннем нацыянальнай кухні яна займаецца ўжо амаль 15 год, прычым не толькі сядзіць у архівах, але і часта ездзіць у экспедыцыі па розных кутках Беларусі, адкуль прывозіць новыя рэцэпты і цікавыя звесткі пра мясцовыя кулінарныя традыцыі.
Кніга, якая пабачыла свет у выдаўніцтве «Галіяфы», у першую чаргу разлічаная на замежных гасцей – у тым ліку тых, што хутка прыедуць на ЧС па хакеі. Своеасаблівы «сувенір» выдадзены на расейскай і англійскай мовах і ўтрымлівае 40 рэцэптаў страў з бульбы, мяса і рыбы, а таксама выпечкі і напояў. Як сцвярджае сп. Мікульчык, усе рэцэпты былі адаптаваныя да сучасных умоў і прадуктаў і не раз спраўджаныя на практыцы, а фотаілюстрацыі ў кнізе – выключна аўтэнтычныя: стравы гатаваліся непасрэдна перад здымкамі.
«НН» пацікавілася, ці можна чакаць такой кнігі на беларускай мове. «Вядома, — адказала сп. Алена. – Хутчэй за ўсё, выйдзе яна ўвосень, меркаваная назва – «Старажытная беларуская кухня: што елі нашы продкі». У ёй будзе нашмат больш рэцэптаў – 120, і наогул яна будзе прынцыпова адрознівацца ад дадзенага выдання, арыентаванага хутчэй «на экспарт».
Падчас прэзентацыі можна было пачуць разнастайныя цікавосткі ад сп. Алены пра беларускія кулінарныя традыцыі, а таксама пакаштаваць аўсяны кісель, пернікі, калдуны і верашчаку ад «Суполкі кухараў», паўдзельнічаць у майстар-класах, паглядзець выступы гістарычнага клуба «Алтын Тумен», творчага калектыву «Майстэрня ўражанняў», клуба гістарычнага танца L’Empire і іншых.
А цяпер крыху падрабязней пра саму кнігу.
Выданне сапраўды сувернірнае: цвёрдая вокладка, ламінаваная папера, «апетытныя» ілюстрацыі – кнігу прыемна трымаць у руках. Рэцэпты збольшага традыцыйныя: мачанка, пячыста, бліны, паляндвіца, — але ёсць і больш нязвыклыя, кшталту апельсінавых цукатаў ці крамбамбулі. Кожны рэцэпт суправаджаецца невялікай цікавосткай альбо перадгісторыяй пра паходжанне стравы. Працэс прыгатавання апісаны падрабязна і дакладна, многае хочацца паспрабаваць зрабіць самому.
Пераварочваем кнігу – і бачым тое ж самае па-англійску. Аўтарам перакладу значыцца Філ Уолклін – англічанін, які ўжо некалькі год жыве ў Беларусі. Падавалася б, за такі пераклад перад замежнымі гасцямі сорамна быць не павінна – але ўжо ва ўступнай прамове праскоквае некалькі яўных памылак. На вялікі жаль, недарэчнасці, памылкі і адрукоўкі нярэдка сустракаюцца і далей па тэксце. Узяць хаця б Belarusian і Belarussian, якія могуць стаяць разам на адной старонцы.
Больш за ўсё расчароўвае перадача на англійскую мову назваў страў. Дзіўная мяшанка перакладу з ці то транскрыпцыяй, ці то транслітарацыяй – прычым, насуперак усім правілам, з расейскай мовы.
Пытанні выклікаюць і некаторыя дэталі. Напрыклад, такая цытата: «Екатерина II очень любила борщ и заказывала его своим поварам каждый день». Наўрад ці расійская імператрыца – гэта той персанаж, згадкі пра якога хочацца бачыць у кнізе пра беларускую кухню, хай сабе і ў яе «экспартным» варыянце.
У цэлым жа можна сказаць, што любы крок да адраджэння нацыянальных кулінарных традыцый (як і любая спроба зацікавіць імі саміх беларусаў) вельмі важны і варты ўхвалення. Хацелася б толькі, каб выкананне ў такіх выпадках было дасканалым і бездакорным. А пакуль у спадзяваннях на лепшае пачакаем восені і беларускамоўнай версіі кнігі.